Дзьмітрый Падбярэзскі


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Дзьмітрый Падбярэзскі. ЗАСТАЕЦЦА РЭЧКУ ПЕРАЕХАЦЬ... Дмитрий Подберезский. Остаётся лишь речку переехать ...
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Дзьмітрый Падбярэзскі. ЗАСТАЕЦЦА РЭЧКУ ПЕРАЕХАЦЬ... Дмитрий Подберезский. Остаётся лишь речку переехать ...

Статья написана 14 мая 2022 г. 11:40

Журналістскае апавяданьне


Гадзіньнік нагадваў аб пачатку пятай вечара. Менавіта таму журналіст Падбярэзскі, закінуўшы за плячо вядомую ўсім у гэтым горадзе жоўтага колеру сумку, пабег да аўтобуснага прыпынку. Каса зачынялася праз якія пяцьдзесят хвілінаў, але ганарар ён мусіў атрымаць менавіта сёньня. Ён даў слова вярнуць пазычаныя грошы якраз у дзень выплаты, а зманіць даўнім сябрам было звыш ягоных правілаў.

Аўтобус — зрэшты, адзіны, які хадзіў наўпрост да Дому прэсы зь ягоным запаветным акенцам касы — здавалася, чакаў толькі яго аднаго. Журналіст ускочыў на прыступку, ухапіўся за парэнчу і, аддыхваючыся (гады ўсё ж згадвалі пра сябе), задумаўся: «Значыць, так... Хачыку трэба аддаць, Майсееву... гэты можа пачакаць, Гаўрону... абавязкова! Ну, і праставіцца. Усё ж — выратавалі хлопцы, дзякуй ім».

Аўтобус крануўся, але абвестка пра наступны прыпынак не прагучала. Журналіст не зьвярнуў на гэта ўвагу і кінуў позірк на гадзіньнік: здаецца, усё ў парадку, ён ня спозьніцца. І толькі тады павярнуўся тварам да салёну, шукаючы кампосьцер. Тое, што ён убачыў, прымусіла Падбярэзскага, па меншай меры, задумацца.

Найперш зьвярнула на сябе ўвагу тое, што, апрача яго ды нейкага бамжоўскага выгляду мужыка, у салёне аўтобусу нікога больш не было. Па-другое, замест звыклых падрапаных, парэзаных крэслаў у салёне скрозь знаходзіліся труны. Розных памераў, рознай аздобы і выгляду, але — труны!

Тым ня менш рука журналіста аўтаматычна пацягнулася з талёнчыкам да кампосьцеру. Але ў гэты самы момант ягоны рух перапыніў мужчынскі голас:

— Кінь тое! Дарога аплачана ўжо.

Журналіст не зразумеў:

— Гэта які маршрут?

— Твой, твой, — адказаў мужчына і павярнуўся да журналіста.

Выглядаў ён сапраўды на самага звычайнага бамжа: зашмальцаванае паліто на ўсе сэзоны, зношаныя не адным пакаленьнем джынсы, такія ж самыя красоўкі. Адно, што не пасавала ягонаму выгляду, — гэта тоўстая амбарная кніга, занадта чыстая што да ягонай зьнешнасьці.

— Я на цябе спэцыяльна чакаў, — патлумачыў мужчына.

— Што значыць — спэцыяльна? — не зразумеў журналіст, — Я, здаецца, зусім не таксі замаўляў.

— Нашае таксі прыходзіць без замовы, — адказаў мужчына. — Ведаеш, у жыцьці кожнага чалавека надыходзіць час, калі ён ня мусіць сам замаўляць, куды ехаць. Проста яму звыш кажуць: час зьбірацца ў дарогу. Настаў час кінуць усё да рэшты і выпраўляцца.

— Мне здаецца, што я ня ў той аўтобус ускочыў, — прамармытаў журналіст.

— А іншыя на цябе сёньня і не чакалі, — усьміхнуўся мужчына.

Усьмешка гэтая была нейкая дзіўная. Ёсьць усьмешкі адкрытыя, шчырыя, калі праз іх нібыта відаць усю душу чалавека. Ёсьць усьмешкі крывыя, быццам даніна сытуацыі, калі за той усьмешкай хаваецца не прыязьнь, не гатоўнасьць прыйсьці да згоды, а нейкія падводныя камяні. Ёсьць, зрэшты, усьмешкі дзяжурныя, пратакольныя, за якімі нічога наогул не хаваецца.

Мужчына ўсьміхаўся так, як бацька, бывае, усьміхаецца, упершыню пабачыўшы свайго першынца.

— Спыніце аўтобус, я выйду, — запатрабаваў журналіст.

— Тое немагчыма, — разьвёў рукамі мужчына. — Так бы мовіць — экспрэс. Адсюль — і туды. Без прыпынкаў.

Праз шыбы аўтобусу ва ўсю біла сонца, цёплае веснавое паветра залятала ў салён праз адчыненыя вокны, і журналіст раптам адчуў усю недарэчнасьць сытуацыі. Ён ведаў: аўтобусы іншых маршрутаў тут сапраўды ня ходзяць, ён мусіць пасьпець да закрыцьця касы, атрымаць ганарар, вярнуць пазычанае і, у рэшце рэшт, адзначыць гэты сьвяты для кожнага журналіста ганарарны дзень з сябрамі ў якой знаёмай кавярні. Дык чаму тады гэты мужык загадвае яму гэтак раптоўна зьмяніць усе пляны?!

— Так, стоп! — крыкнуў журналіст. — Што такое?! Куды мы едзем?

— Якія ж вы ўсе, людзі, дзіўныя, — мужык пачухаў патыліцу. — Дзіўныя вы людзі, калі яшчэ жывыя. А як час надыходзіць — ніяк сьцеміць ня можаце.

— Што — сьцеміць?! — зароў журналіст, як пабачыў, што аўтобус зьвярнуў у зусім адваротны, чым яму было патрэбна, бок.

— А тое, што — усё, — неяк сумна ўсьміхнуўся мужчына. — Мяне, дарэчы, Харонам завуць. Але як для цябе — Хароныч.

— Я выходжу. Хопіць жартаў, — сказаў журналіст. — Во табе прабіты талён, спыняй аўтобус і — бывай здаровы.

Хароныч засьмяяўся. Сьмех гэты быў нейкі дзіўны: сухі, патрэсканы, але неўзабаве ён зьмяніўся ў кашаль. Аўтобус стаяў на скрыжаваньні, перад ім пераходзілі дарогу людзі, пра нешта гаманілі, маладыя нават цалаваліся, міліцыянт пасярод дарогі круціў паласатай палачкай. І ўсё гэта яшчэ больш дадавала сытуацыі неверагоднасьці, нерэальнасьці.

— Так, — паспрабаваў супакоіць сябе журналіст. — Давай спачатку. Мне трэба ў Дом прэсы. Там я атрымаю ганарар, вярну пазыку сябрам, зь якімі мы потым возьмем па якой сотцы і разыдземся па хатах. Узрост такі, што ўжо не па дзеўках лётаць. Што мне замінае не зрабіць гэта?

— Ды вось тое, — адказаў Хароныч і расчыніў перад тварам журналіста амбарную кнігу.

— Ведаеш, я ўвогуле ня самы галоўны ў нашай канторы, — растлумачыў ён. — Я толькі выконваю тое, што мне спушчана кіраўніцтвам. А на гэты дзень сярод іншага мне дадзена каманда: журналіста Падбярэзскага даставіць па месцу прызначэньня. Калі — ня я вызначаю. Ня я і вінаваты. Я толькі выконваю тое, што мне загадалі. Вось, сам зірні.

Хароныч паднёс да твару журналіста кнігу.

— Вось, бачыш, гэты дзень, сьпіс людзей. Вось тваё прозьвішча сярод іншых. Значыць, ты мусіш ехаць ня ў Дом прэсы, а са мной.

— Куды?! — крыкнуў журналіст.

— А куды яшчэ Хароныч людзей возіць? Ці не табе ведаць, журналіст?

Падбярэзскі ледзь учапіўся за парэнчу, каб ня ўпасьці. Не, сто грамаў каньяку, якія ён ужо выпіў у рэдакцыі газэты, дзе пакінуў заказаны артыкул, не маглі быць нагодай для такіх вось глюкаў. Безумоўна, узрост ужо не такі маладзецкі, каб вытвараць подзьвігі, але, здаецца, чорныя коткі праз вочы яшчэ ня сноўдаюць, папялушкі ў ложак не цягнуць, каб такое вось бачыць, як пры жыцьці.

— Дык я што — памёр? — ледзь прашаптаў журналіст.

— Амаль, — адказаў Хароныч. — Табе засталося ўсяго нічога. Ды й ложак табе ўжо падрыхтаваны.

Ён паказаў на адну з трунаў.

— Сябры твае парупіліся. Добрую замовілі. Дрэва вытрыманае, не сырое, без праблем вынесуць. Абіўка фацэтная, не малыя грошы каштуе. Падушачка вось натуральная, не паралён табе які. Цябе й пры жыцьці людзі паважалі. А таму, бачыш, усё зрабілі па поўнай праграме!

— Стоп, Хароныч! — запярэчыў журналіст. — Хлопцы што, загадзя заплацілі?

— Не, ты што? — адказаў мужчына. — Ты зараз знаходзішся быццам ва ўмоўным часе. Тое, што ты бачыш, — гэта нібыта праекцыя таго, што толькі неўзабаве адбудзецца. А засталося... зрэшты, ня трэба табе ведаць, колькі засталося. Яно ж можа ў любы момант...

— Блін! — журналіст закруціўся па салёну аўтобусу, як вугор на патэльні. — Што гэта значыць? Стоп, маўчы, мужык! А гэта значыць тое, што мае сябры, якім я сёньня не змагу вярнуць пазыку, змушаныя будуць яшчэ й дадаць свае, каб мяне пахаваць?! Ну ты зусім збрэньдзіў, Хароныч!

— Не. Ты памыляешся. Бо са мной яшчэ пагаманіць можна. Але вось я паглядзеў бы на цябе, калі б на маім месцы апынулася тая кабета, што з касой праз плячо ходзіць. Зьменьніца мая. Што б ты ёй казаў, як бы аргумэнтаваў?

— Ідзі ты ў сраку, — адказаў журналіст і адвярнуўся да акна.

— Ты ў мяне сёньня апошні, — растлумачыў Хароныч. — Я ведаў, што фрукт ты — той яшчэ, вось і пакінуў на дэсэрт. Прабач! Можа, калі б я раней прыехаў, менш бы эмоцый было.

— Я не пра эмоцыі! — адказаў журналіст. — Я — пра ўласны гонар. Ты што, сапраўды ня мог загадзя папярэдзіць? Намякнуць нечым? Ды хоць бы якім сардэчным прыступам? Лядышкай з крышы? П'яным за рулём? Ну дык уяві сабе: што пра мяне цяпер будуць думаць сябры? Маўляў, зваліў у нябыт, а даўжок не вярнуў. Тым ня менш я катэгарычна не хачу пайсьці ў лепшы, як нехта сьцьвярджае, сьвет несумленным чалавекам. Бо гонар маю. Сьпярша мушу выканаць тое, што належыць, а ўжо потым — няхай гарыць мая адрына!

— Колькі я такога наслухаўся! — уздыхнуў Хароныч і зноў разгарнуў кнігу. — Вось, глядзі. Бізнэсмэн. Прапаноўваў мне вялікія грошы. Калі зразумеў, што тое не жарт, прапанаваў адразу ўтрая больш. Заўваж — наяўнымі, каб толькі яшчэ тры дні яму даў, каб ён закрыў усе справы, з кампаньёнамі разьлічыўся. Ну адкуль я вазьму тыя тры дні? Вось судзьдзя. Працаваў не па сумленьню, а так, як зьверху казалі. Чорны чалавек! Столькіх засудзіў за п'яны грош! Ён наогул прасіў адзін толькі дзень, каб пакаяцца, для газэты напісаць усё, як было, назваць усіх, хто яго прымушаў засуджваць ні ў чым не вінаватых. Ты думаеш, мы там — нічога ня бачым, ня чуем, газэт не чытаем, у Сеціве ня корпаемся? Усё ведаем, усё мы разумеем і помнім. Таму дзе той дзень для такіх, нават гадзіна? Паехалі! А вось тут ляжыць дыктар тэлебачаньня. Ведаеш, чым ён апраўдваўся? У мяне, маўляў, выйсьця не было. Маўляў, мусіў чытаць тое, ад чаго самога ванітавала, але ж нідзе больш так не плацілі, як за такую хлусьню. За хлусьню вось і едзе цяпер заўчасна. Думаю, быў бы прыстойным чалавекам — далі б адтэрміноўку якую.

— А чаму раптам я?! — не зразумеў журналіст.

— Кампанію трэба разбавіць, відаць, — растлумачыў Хароныч. — Не адну ж поскудзь штодня на той сьвет сплаўляць. Там такой хапае. А плян па прыстойных, прабач, у нас таксама існуе.

Тады журналіст не стрымаўся, і, паказваючы на маленькіх памераў труну, ледзь не схапіў Хароныча за грудкі:

— А гэта — што?! Добра, бізнэсоўцы, вертыкальшчыкі, прадажныя дыктары... Я разумею: можа, й ня самыя і не заўсёды лепшыя людзі. Але чаму ж ты, гад, дзяцей з намі цягнеш?! Яны — у чым вінаватыя?

Хароныч адрэагаваў на дзіва спакойна.

— Калі выпадае дзяцей забіраць, павер, у нас таксама ня самы лепшы настрой. Аднак сёньня ў маім сьпісе дзяцей няма.

— Дык што ж гэта? — не зразумеў журналіст.

— Сам паглядзі, — адказаў Хароныч і гучна захлопнуў амбарную кнігу.

Журналіст Падбярэзскі наблізіўся да маленькіх памераў труны і, зьбялеўшы, адкінуў вечка. Тое, што ён там убачыў, не магло ня ўразіць: укладзеныя акуратна радкамі, у труне ляжалі кніжкі Купалы, Коласа, Багдановіча, Быкава, Мележа, Някляева, Сыса, Глёбуса...

— Ты, гэта... што такое? — не зразумеў журналіст. — Чаму гэта тут?!

— Ды таму, — растлумачыў Хароныч, — што сёньня памерла беларуская мова. І я мушу справадзіць яе ў лепшы сьвет — сьвет мёртвых. Туды, дзе здаўна латынь жыве.

— Как — умерла?! — не зразумеў журналіст.

— Да вот так, элементарно, благодаря государственной политике и молчаливому согласию самих же белорусов, — растлумачыў Хароныч. — Мне, честно говоря, весьма жалко. Я сам потеряю добавку к зарплате. Нам ведь доплачивали еще и за знание языков. А коль нет языка — нет и доплаты.

— Бред какой-то! — журналіст схапіўся за галаву. — Этот ваш городской транспорт — полная чума!

— Прости, я не отвечаю за ваши общественные маршруты, — адказаў Хароныч. — Мне действительно очень жаль. Я люблю белорусские песни. Таких плачей над умершими, как в Беларуси, я нигде в мире не слышал.

Журналіст рвануў на сабе куртку. Гузікі сыпанулі на салёну аўтобуса, як прусакі. Ён мусіў нешта зрабіць, таму што абсурднасьць сытуацыі дасягнула апагею. Гэта проста ня ўпісвалася ні ў якія рамкі. Добра, былі выпадкі, калі яны сапраўды з сябрамі перабіралі ўсё магчымае, траплялі ў міліцыю, потым раніцай разьбіраліся з жонкамі, тлумачылі нешта на рабоце. Але ў параўнаньні з тым, што здарылася сёньня, увесь сусьветны абсурд разам узяты адступаў на задні плян. Толькі таму, што ўсё гэта немагчыма было уявіць нават у самых вар'яцкіх трызьненьнях. Проста таму, што такіх трызьненьняў наогул не існавала.

— Хароныч, — сказаў журналіст. — Я тебя прошу. Честь для меня — главное. Я никогда в жизни не врал. Стой! Не так! Точнее: старался не врать. Я всегда старался держать слово. И очень не хочу уйти в мир иной другим. Человеком, который не сдержал слово. Я очень тебя прошу: дай мне полсуток.

— Ты, Подберезский, как и все другие, — просишь. Вы все одинаковые.

— Да, прошу! Денег вот тебе — не обещаю. Нет их у меня и никогда не было. Потому что не воровал. И не предавал. И все, что мне остается, — это сдержать слово, вернуть долги. А вот уж после — что хочешь! Забирай меня в любой момент. Но, поверь, я не могу уйти, не выполнив данного слова.

Хароныч задумаўся. Ён пагартаў сваю кнігу, нешта прамармытаў пад нос, пазначыў асадкай, потым спусьціў акуляры на кончык носа і ўважліва паглядзеў на журналіста.

— Так... Как говорят, есть варианты. Завтра я должен забирать из Дома прессы твоего коллегу. Русского. Очень мне он, признаться, не нравился. Приехал из России, работал на киностудии, снимал фильмы о белорусской культуре, а когда оказался не у дел, пошел в газету и начал гадить на белорусов. Заберу-ка я его сегодня, вне плана. А ты... Считай, получил отсрочку. Только вот распишись здесь. Мол, ознакомлен, предупрежден. Со всем согласен. И до встречи завтра. Учти: в виде исключения. Только на сей раз — без душещипательных бесед. Я приехал и забрал, без предупреждения.

На тым яны і вырашылі. Аўтобус павярнуў і праз нейкія дваццаць хвілінаў падруліў да будынку. Журналіст Падбярэзскі вываліўся з аўтобусу, уздыхнуў на поўныя грудзі і скіраваўся на ватных нагах да Дому прэсы, ля ўваходу ў які стаяла карэта хуткай дапамогі. Ён яшчэ пачуў: «Женечка только включил чайник, как — бабах!»

Але каса на шчасьце яшчэ працавала. Журналіст атрымаў ганарар, падняўся на паверхі, раздаў пазыкі, пасьля чаго разам з сябрамі пайшоў у бліжэйшую кавярню, дзе праз не адну чарку звыклага напою хутка забыўся на ўсё тое, што здарылася зь ім у апошнія гадзіны.

Прафэсія журналіста не вымагала Падбярэзскага адзначыцца на прахадной дакладна а восьмай раніцы. Ён прачнуўся на пачатку адзінаццатай і заўважыў, што пакінутых на фартэпіяна грошай — рэшткі ганарару — не было. Значыць, жонка пайшла ўжо на працу.

«Хорошо вчера посидели», — адзначыў сам сабе журналіст і раптам адчуў: нешта ня тое. Неяк няўтульна яму зрабілася. Быццам нехта ў роце язык яму памяняў. І думаў ён ня так, як штодня. «Это же, блин, привидилась вчера какая-то херня невообразимая!», — падумаў журналіст. Тады ён, спрабуючы ўжо ні пра што ня згадваць, пайшоў чысьціць зубы. Згатаваў каву, прагледзеў тэленавіны, апрануў сьвежую кашулю, прычасаўся. Можна было кіравацца на працу.

Каб сесьці ў тралейбус, журналіст Падбярэзскі мусіў перайсьці шырокую вуліцу. Крочыць да сьветлафору было далёка, дый мала хто тут, насупраць прыпынку, зважаў на тыя правілы. І як толькі журналіст адзначыў пэўны разрыў у руху аўтамашын, ён стрымгалоў кінуўся праз вуліцу, каб пасьпець на патрэбны маршрут.

А ў гэты час якраз набірала хуткасьць цяжкавагавая фура міжнароднай фірмы перавозак «Стыкс»...

1.04.2005





66
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх