Вітаўт Мартыненка Апошні


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Вітаўт Мартыненка. Апошні чалавек плянэты. Витовт Мартыненко. Последний человек планеты
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Вітаўт Мартыненка. Апошні чалавек плянэты. Витовт Мартыненко. Последний человек планеты

Статья написана 14 мая 2022 г. 11:19

Калі Ноэр прачнуўся раніцою, яго зноў ахапіла журба — ён застаўся адзін. Зусім адзін… у цяжкой хваробе, што дарэшты скавала яго.

Хто б мог падумаць, што яго гэтак джагне: паветра ж, якім ён дыхаў, было ідэальна кандыцыянаванае, ежа — гранічна стэрыльная… Ён ведаў усё, што дзе адбываецца. Дый што казаць — ані ў чым Ноэр не адчуваў нястачы. Аднак — у сорак гадоў стаць лядачым старым! Як здарыцца такое магло ў нашым трыццатым стагодзьдзі?

А яшчэ гэтыя ўчорашнія навіны: недзе за тысячы кілямэтраў адсюль, як перадаў мадуляваны тэледыктар, сканаў перадапошні чалавек. Ён памёр ад немачы, ад фізычнае друзласьці, забясьпечаны ўсім дарэшты, не пакінуўшы па сабе аніякіх нашчадкаў.

I вось застаўся апошні — Ноэр, які ўжо даўно не падымаўся з пасьцелі. Калісьці ён проста ленаваўся ўставаць, не адчуваючы ў гэтым асаблівае патрэбы, а потым параліч прыкаваў яго да ложка.

Ноэр прадбачыў ужо хуткі канец, але й сам ня мог уцяміць: чакаў яго ці баяўся.

Працягнуўшы слабую руку да тэнкаса*, ён без ахвоты ўсьцягнуў яго на галаву.

«Ну,— падумаў пасьля таго,— досыць спаць. Сяду, пагледжу тэлевізар».

У тое ж імгненьне ложак пад ім плаўна склаўся — і Ноэр апынуўся ва ўтульнай фатэлі, шэрая сьцяна насупраць якой засьвяцілася вясёлкавым зіхценьнем.

— Якую-кольвек з эўрапэйскіх тэлепраґрам, — пажадаў саракагадовы стары. У куце сьцяны-экрана замігцела благітная лямпачка з сыгналам «Удакладніць».

— О, гэтая праклятая дапатопная старызна. Даўно трэ было замяніць яе на больш дасканалы тэлекомплекс. Нават праґраму самастойна выбраць для мяне ня здольная, трэба ж… Але, такой бяды… Э-829, з сынхронным перакладам, зразумела.

Быў нейкі мастацкі фільм. Са старых: пра людзей, пра ўзаемаадносіны паміж імі… I жылі ж раней людзі: з клопатамі, з хваляваньнямі й радасьцямі сваймі. У нягодах чакалі шчасьця і… адчувалі яго!.. А гэта зусім ня тое, калі адчуваеш толькі патрэбы, якія тут жа аўтаматычна задавальняюцца.

Ноэр пажадаў сьнеданьня — і яно падкаціла на зґрабным старадаўнім аўтастоліку з электронным кантролем тэмпэратуры. Вочы хворага заблішчэлі радаснаю ўсьмешкаю, калі ён убачыў сярод страваў вельмі даўні празрысты напой, якога не адважыўся й пажадаць.

Пасьля сьнеданьня яму стала лепей. Дакладней, ён ня так востра стаў адчуваць жыцьцё, у напаўдрымоце пазіраючы на экран. Бліжэй да поўдня — Ноэр ведаў гэта — па праґраме Эўропа-829 трансьлявалі сусьветны выпуск навінаў Гэта быў адзін з найлепшых у Сусьвеце інфармацыйных выпускаў і Ноэр амаль ніколі не мінаў яго. Вось ізноў на экране зьявіўся знаёмы дыктар.

— Добра дзень! — бадзёра павітаўся ён. — Э-829 у этэры. Інфармацыя па Ґаляктыцы…

— Прывітаньне, прывітаньне, няісны чалавек! — напаўжартам адказаў стары, а дыктар тым часам працягваў, камэнтуючы дакумэнтальныя кадры:

— На адным са спадарожнікаў Арыёна працягвае працу навукова-дасьледчая экспэдыцыя робатаў. Адшуканы мінэралы, якія ўтрымліваюць невядомыя раней элемэнты пэрыядычнае сыстэмы. Яны, мяркуецца, знойдуць выкарыстаньне ў будаўніцтве звышсьветлахуткасных касьмічных ляйнэраў…

— У нас на Зямлі на Паўночным полюсе пасышхова праведзеныя выпрабаваньні новае сэрыі самакіроўных робатаў… I яшчэ адно паведамленьне: на нашай плянэце ў перадсьмяротным стане знаходзіцца апошні прадстаўнік натуралёвага чалавечага роду. Роду, які быў папярэднікам разумовых робатаў. Найвялікшай недасканаласьцю тых натуралёвых істотаў была заўсёдная патрэба ў фізычных нагрузках, у якіх бы тое ні было рухах, чаго пазбавіла іх вынайдзеная імі ж тэхніка. Да самакансэрвацыі яны былі няздольныя. Пажыцьцёвы адпачынак гэтага апошняга чалавека прывёў яго да цяжкой хваробы, і, калі меркаваць паводле папярэдняга такога выпадку, хутка трэба чакаць вечнага…

Ноэр злосна скрыгатнуў зубамі ды закрычаў:

— Заторкніся ты, брыдота! Пакуль яшчэ жывы я. Жывая мая плоць і кроў… ня тое што ты: хоць і маеш аблічча чалавека ды балбочаш складна, але ж нічога за табой няма, апрача пляскатага тэлеадлюстраваньня. Прынамсі, з гэтае прычыны ня маеш аніякага права балбатаць пра мяне гэткім тонам у маёй прысутнасьці. Прэч! Прэч! А-006, хутчэй! А-006!

Нябога й без таго нэрваваўся, а тут яшчэ са скрухаю заўважыў як па-здрадніцку замігцеў «удакладняльнік».

— О Божа! Ну хоць Аўстралію. А-006.

…Пасьля абеду Ноэр вырашыў трошкі паспаць дзесьці ў садку, пад шатамі вішняў. Надта стамляўся ён ад свайго бязьдзейнага жыцьця, але ўжо анічога ня мог зьмяніць. Заставалася толькі пажадаць адлюстраваньня зялёнага саду, водару квітучых вішань і — недахоп чаго адчуў ён неўзабаве — шчабятаньня птушак ды шапаценьня лістоты.

Яму нешта сьнілося. Нешта добрае. Былое. I ён у сьне — дзякаваць Богу, што быў зьняты тэнкас, — падумаў што было б лепей увогуле не прачнуцца. А прачнуўшыся, усё ж не наважыўся пажадаць сабе вечнага сну. Дарэчы, ён ужо даўна спаў без тэнкаса, бо памятаў старую гісторыю свайго дзеда. Той заснуў з тэнкасам і ўбачыў у сьне сябе маладым з прыгожай дзяўчынаю на беразе дзівоснага возера. I ў сьне ж ён пажадаў яе. Прачынаецца — яна тут, а ён… Ну што мог зрабіць з гарачай дзяўчынаю бедны стары, якому тады было пад семдзесят гадоў? Дзяўчына пасьмяялася зь яго й зьнікла.

Ноэр састарэў раней — у сорак. Але яму вельмі хацелася жыць. Прага жыцьця заўсёды моцна трымаецца ў чалавечай душы, якім бы агідным ні здавалася яму гэтае жыцьцё. I Ноэр жыў, апошні на Зямлі чалавек, адзін… перад абліччам сьмерці, як паведамляе ўсёведная тэлевізія. Так, сапраўды, адчуваў сябе Ноэр цяжка. Ён надзеў тэнкас і пажадаў наразіць сябе мэдычнаму дасьледаваньню.

— Што можна зрабіць, каб палепшыць мой стан? — запытаўся ён дрыготкім голасам, які выклікаў толькі пачуцьцё жалю й спагады.

Бязьлітасная машына анічога не адказвала: што можна зрабіць з азызлым ужо целам? Гэта ж ня робат, якому без праблемаў упаяеш новую дэталь, а то й цэлы больш мадэрновы вузел. А тут проста ў свой час ня трэба было дапушчаць драхленьня, і тым самым можна было падоўжыць уласны век. Цяпер, аднак, позна: аніякі цуд тэхнікі не дапаможа. Тым больш такой недасканалае сыстэме, як чалавек.

Ноэр зразумеў маўчаньне машыны. Так, дні ягоныя — а магчыма й гадзіны — зьлічаныя. Што ж, мусіць, праўду казала Э-829, і стары дарэмна яе аблаяў

«Няварта было злавацца», — падумаў ён і захацеў зноў глядзець Э-829.

…На экране працавалі землякопы, будаўнікі (робаты, зразумела), потым выступаў музычны ансамбль (робатаў, вядома), пасьля дэманстравалі мастацкі фільм (пра людзей, але ролі выконвалі робаты, нясумненна). Праґрама, як заўсёды, была найвыдатнейшая: усёабдымная, апэратыўная, дакладная. I Ноэр вырашыў лавіць апошнія задавальненьні жыцьця: ён жадаў і адразу атрымліваў улюбёную музыку, тонкія на смак стравы, зручную паставу ў крэсьле, мадуляцыю задушэўнай размовы па тэлефоне з чалавекам… нават з жанчынаю… Усё было падуладнае ягоным жаданьням — любыя ілюзіі…

Апоўначы Э-829 перадавала чарговы выпуск апэратыўнае інфармацыі.

— На далёкіх шляхах Сусьвету, — гаварыў знаёмы дыктар, — зьявіўся неапазнаны аб'ект, які рухаецца ў напрамку нашае Ґаляктыкі. Без замаруджваньня была выслана экспэдыцыя зь Зямлі, каб папярэдзіць сутыкненьне паблізу нашых зонаў. Паведамляюць, што праца йдзе згодна з намечаным плянам…

— Толькі што апошні ЧАЛАВЕК, які заставаўся на Зямлі, сканаў, адчуваючы жахлівыя пакуты. Гэта былі ня толькі фізычныя болі, але й пакуты сумленьня: ЧАЛАВЕК памёр ад неверагоднае друзласьці, прычынамі якое, як мы паведамлялі ўжо,— лянота і бязьдзеяньне. Спрыяла гэтаму імкненьне перакласьці ўсе клопаты на плечы машын. Машыны ж цяпер абавязаныя ўсьвядоміць: жыцьцё ім дала праца. Ці здолеюць яны ўтрымаць панаваньне ды ў сваім разьвіцьці папярэдзіць небясьпеку, што напаткала ЧАЛАВЕКА?..

— На Паўднёвым полюсе Зямлі завод-аўтамат завяршыў будаўніцтва звышдалёкай міжсусьветнае ракеты баявога прызначэньня. Будзем штурмаваць новыя абсягі…

А цяпер паглядзеце мастацкі фільм «Чалавечая камэдыя»…

______________________________________________________ ________________________

* Тэнкас — шалом, які празь біятокі перадае на пульт сыгналы мозґу.

Апошні чалавек плянэты – напісана 16 ліпеня 1980 году (16.07.80). Друкуецца паводле першай публікацыі (ґазэта «Чырвоная зьмена» №170, Мн., 3 верасьня 1987 году; 03.09.87).





77
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх