Як ні дзіўна, Янка Маўр — адзін з самых чы-
таных аўтараў майго дзяцінства. Прынамсі, «Амок»
і «У краіне райскай птушкі» меў на сваёй паліцы
ледзьве ня кожны рамантычны падлетак, беларускі
клясык стаяў там побач зь Дзюма, Вэрнам, Ўэлсам і
анталёгіямі замежнай фантастыкі, зьзяючы зоркаю
на штрыфлі — неблагая кампанія. Янку Маўра
сапраўды чыталі — і нават перачытвалі: толькі па
гэтым і вызначаецца сапраўдная якасьць кнігі, хаця
і не абавязкова мастацкая. Некалькі ягоных твораў
выйшлі ў сэрыі «Бібліятэка прыгодаў і фантастыкі»,
якую паважалі вучні ня толькі старэйшага, але і
сярэдняга, паўсярэдняга, цяжкага і супэрцяжкага
школьных узростаў. Што праўда, чыталі яго зболь-
шага ў перакладзе на расейскую — вынік працяг-
лага машэраўскага расшаркваньня перад Масквой
(у параўнаньні зь якім расшаркваньне цяперашніх
беларускіх кіраўнікоў нагадвае хутчэй спробу
сесьці на шпагат). Але пра мову тады, натуральна,
мала хто задумваўся: нават чыстакроўныя яванцы
ў «Амоку» гаварылі амаль без акцэнту: «Ленін!
Совьет! Расія!» — куды ўжо было нам, басаногім
тубыльцам з бээсэсэраўскай Батавіі, да нейкіх там
каранёў. Інданэзія была значна бліжэй.
Гэты Маўр умеў так задушыць сваю Дэздэмону,
што зь яе паўраскрытага рота вывальваўся нарэшце
няблага пабудаваны сюжэт, а рука чытача сама між-
гамбурскі рахунак бахарэвіча 208 209 Янка Маўр
волі цягнулася да крыса (гэта такі крывы яванскі
кінжал, ахвотна тлумачыў нам аўтар — і ўгадаў, бо
цяжка прыдумаць нешта больш прыемнае на слых
для хлопчыка, чым Крывы Яванскі Кінжал). Гэты
Маўр напісаў яшчэ шмат чаго цалкам чытэльнага:
напрыклад, «Палескіх рабінзонаў», канцоўку якіх
безнадзейна сапсаваў нейкі польскі шпіён, засланы
Маўрам у кнігу з ідэалягічнымі мэтамі; ці аповесьць
«Чалавек ідзе», якая так перагукаецца з Роні-старэй-
шым .... Але менавіта «Амок», на мой погляд, самая
вялікая творчая ўдача Маўра, нягледзячы на тое,
што і там зь лішкам хапае сваіх «польскіх шпіёнаў»
і другая частка поўная фразаў кшталту:
«Я еду ў Сурабаю канчаткова ўзгадняць некато-
рыя пытаньні з Батавіяй. Там намецім некаторыя
задачы для вас, а потым правядзем нараду вашага
актыву».
Ды нават усе гэтыя «ўзгадненьні пытаньняў» і
«нарады актываў» ня ў стане забіць інтрыгу «Амоку».
Яго хочацца дачытаць да канца, выціснуць з Дэздэ-
моны ўсё, што можна. Хто тут вінаваты — аўтар зь
ягоным дарам апавядальніка, правільна выбраныя
героі? А можа, яванская зямля — незвычайная,
далёкая, сьпякотная і поўная неспадзяванак, сама
як сапраўдны прыгодніцкі раман?
Дваццатыя гады дваццатага стагодзьдзя. Паўста-
ньне на высьпе Ява супраць галяндзкіх каляні-
затараў. Героі — тубыльцы і галяндцы, адны
высакародныя, другія — зло ў чыстым выглядзе.
Ёсьць і добрыя галяндцы, і паскудныя яванцы, але
прапорцыі вытрымліваюцца строга. Законы жанру,
што паробіш. «Амок» — тыпова хлапечае чытво;
можа, нават празьмерна. Сьвет раману — чыста
мужчынскі, забаўна, але тут няма ніводнага знач-
нага жаночага пэрсанажа. Што гэта за рамантыка
без жанчын? А вось такая, маўрытанская. Нават
крыўдна становіцца: увёў бы аўтар прынамсі нейкую
яванку ў празрыстым саронгу ў якасьці ну хаця б
баявой сяброўкі Салула або Нонга, раман набыў бы
новыя фарбы. Адзіная больш-менш запамінальная
жанчына ў рамане — прыгожая жонка галоўнага
бадувіса Гіранг-Ту-Уна, якая ляжыць і курыць
люльку. Маўр выдзяляе ёй некалькі радкоў. Ніхто
не зьвяртае на яе асаблівай увагі, героі кідаюць
на яе таропкі позірк і нясуцца далей: страляць па
зьвярах і людзях, змоўнічаць, цягаць вінтоўкі і ка-
раць здраднікаў. Ну, ды бог зь ёй, з Гірангтууніхай,
застаецца спадзявацца, што віхура рэвалюцыі дала
ёй дакурыць сваю люльку да канца.
Самое слова «амок» да 2007 году асацыявалася
ў мяне выключна зь Янкам Маўрам; якое ж было
маё зьдзіўленьне, калі я даведаўся, што тут амокам
называюць любую крывавую лазьню, зьдзейсьненую
ў стане афэкту бязь ясных матываў. Раней неяк не
прыходзіла ў галаву злавеснасьць заключанай у на-
зьве раману мэтафары. Амок робіць бедны яванскі
селянін, даведзены да адчаю ўладамі, ён кідаецца з
крысам, Крывым Яванскім Кінжалам, на сваіх, на
такіх самых бедакоў — і вось з такім, але ўсеагуль-
ным амокам параўноўвае Янка Маўр паўстаньне,
якое рыхтуюць тубыльцы. Дык значыць, нават на-
цыянальна-вызвольная рэвалюцыя — гэта насамрэч
тая самая нематываваная прага забіваць, забіваць,
забіваць, сваіх і чужых, асьляпленьне роспаччу?
Наўрад ці аўтар, пішучы свой раман у другой палове
дваццатых, меў на ўвазе нешта падобнае — хутчэй
за ўсё, забойства эксплюататараў падавалася яму
цалкам нармальнай справай, кшталту вынішчэньня
пацукоў. Роспач апраўдвае ўсё. Роспач і гігіена.
Пры гэтым, як і кожны добры прыгодніцкі твор,
гамбурскі рахунак бахарэвіча 210 211 Янка Маўр
«Амок» дае юнаму чытачу — юнга ён у душы ці
юнат, няважна — некалькі абавязковых навукаў.
Дзіцячая літаратура тым і адрозьніваецца ад да-
рослай, што мусіць чамусьці вучыць. Найперш
мастацтву ўспрыманьня, дзіцячыя кнігі адказныя
за разьвіцьцё яго тонкасьці. Другі ўрок «Амоку» —
урок талерантнасьці (ці, як сказалі б пры жыцьці
аўтара, інтэрнацыяналізму). Робячы галоўнымі
станоўчымі героямі раману на першы погляд зусім
чужых беларусам яванцаў, Янка Маўр падсьвядома
закладваў у неакрэплыя душы падлеткаў разуменьне
чалавечай роўнасьці і свабоды. Атрымалася даволі
моцнае антырасісцкае пасланьне.
А яшчэ Маўр дае лекцыю мовы. Малайскай, піша
ён — а можа, і не малайскай, праверыць цяжка. Тут
трэба заўважыць, што і назвы мясьцін, абраных аў-
тарам як пляцдарм для раману, гучаць у Маўра неяк
ну зусім па-беларуску. Ява... На яве... У Батавіі так і
чуецца нейкая «атава». Ці вось: Кракатаў. Я крака-
таў, мы кракаталі. Вы кракочаце. Першы беларускі
вулькан. А малайская мова толькі дадае раскошы,
цэлы слоўнічак можна скласьці:
Бэсар туан — вялікі пан.
Аранг-гіль — вар’ят.
Тада дапат — нельга.
Аранг-путых — белы чалавек.
Бадок — дурны.
Мат’ян — сьмерць; тыгр.
Д’енг-кок — прысяданьне, якім выказваюць па-
шану бэсар туану.
Наступная лекцыя — батаніка з заалёгіяй і ге-
аграфіяй. Як і Жуль Вэрн, бэсар туан Янка, які ніколі
не бываў ні на якім экватары, піша і заварожвае:
«У тропіках ноч заўжды надыходзіць рап-
тоўна...»
Нездарма Зьмітрок Аглаблёвы называў «Амок»
«энцыкляпэдыяй яванскага жыцьця». Экзатыч-
ныя расьліны, жывёлы, рыбы-бубначы і гіганцкія
агуркі, якімі можна забіць чалавека. Дзікія і дзіўныя
звычаі. Таямнічыя бадувісы і факіры. Рамантыка
зьмяняецца статыстыкай, праглынаеш і яе. «У 1918
годзе на цукровых плянтацыях Явы было 1473
пажары» — піша аўтар, які быў не бадок і падчас
працы над «Амокам» добра пакорпаўся ў літаратуры.
Сам ён прызнаецца, што шмат якую інфармацыю
ўзяў з успамінаў колішняга царскага консула на
Яве Бакуніна.
У гэтым, мусіць, і ёсьць прычына такога ўпэў-
ненага пасоўваньня аўтара па высьпе, якая ў трыц-
цаць разоў большая за Галяндыю. Тут багата сваіх
балотаў, і часам радасьць Маўра з гэтай нагоды
становіцца відавочнай. У пэўным сэнсе, пішучы
пра Яву, ён апісвае беларускае Палесьсе — малюе
далёкія джунглі, а бачыць перад сабой айчынныя
краявіды. Чаго добрага раптам адбудзецца цуд, і
ўвайшоўшы ў джунглі двума смуглявымі яванцамі,
адважныя інсургенты выйдуць зь іх якімі-небудзь
дзядамі Талашамі.
У пасьлямове да аднаго з пазьнейшых выданьняў
«Амоку» распавядаецца пра тое, як у 60-х у госьці да
аранг-путыха Янкі Маўра завітаў консул незалежнай
Інданэзіі і пакінуў на аўтарскім экзэмпляры над-
піс: «Hidup perdamaian dunia! Hidup persahabatam
Indonesia — Uni Sovjet!» Няхай жыве, маўляў, мір ва
ўсім сьвеце і дружба паміж Інданэзіяй і Савецкім
Саюзам. Нічога больш арыгінальнага выдумаць ня
змог. Ня будзем крыўдзіць бэсар туана Янку Маўра
ні расшкаркваньнем, ні шпагатам. Але маўр зрабіў
сваю справу — і невялікага чытацкага д’енг-коку ён,
без сумневу, варты.