Споўнілася два гады, як у «Маладосці» (№ 12, 2004) адкрыўся часопіс у часопісе «Фантаст». Міжволі ўзнікае метафара — нібыта для беларускіх літаратараў была пабудавана навейшая абсерваторыя, з дапамогай якой яны маглі б узірацца ў будучыню і потым апавядаць сваім чытачам пра тое, што бачылі. Кажучы «касмічнаю моваю», на старонках «Фантаста» выступіла цэлая плеяда творцаў, неабыякавых да адпаведнага жанру літаратуры: Алесь Аляшкевіч, Алесь Бычкоўскі, Сяргей Лукашанец, Андрэй Паўлухін; стварылі адметныя ўзоры фантастычнай прозы Алесь Бадак, Міхась Южык, Уладзімір Цвяткоў і інш. Апрача таго публікуюцца фэнтэзійныя вершы, што не толькі прыемна здзіўляе, але і сведчыць пра шырокую варыятыўнасць фантастыкі. Напрыклад, вершы Арцёма Арашонка, Ярыны Дашынай.
«Фантазія, як і космас, бязмежная, — кажа галоўны рэдактар «Маладосці» Раіса Баравікова, — і чым больш аўтар піша, тым большы набывае вопыт, тым больш трэніруе свой мозг, тым самым увесь час адкрываючы для сабе нешта новае»*. Сама пісьменніца актыўна працуе ў гэтым жанры літаратуры, яе крэда — фантастыка з беларускай адметнасцю. Нядаўна ў Раісы Баравіковай выйшла кніга «Казкі астранаўта (Касмічнае падарожжа беларусаў)», якія пачыналі друкавацца ў «Фантасце» і, безумоўна, прыцягнулі ўвагу чытацкай аўдыторыі.
Па старонках «Маладосці» і ўласна «Фантаста» можна прасочваць творчую эвалюцыю аўтараў. Напрыклад, у Андрэя Паўлухіна праяўляецца імкненне да вымалёўкі эпічнага шматвектарнага палатна бліжэйшага будучага, дзе рэчаіснасць цесна пераплецена-зрошчана з кібер-прасторай. Пацвярджае гэта аповесць «Хуткадзейнасць» (№ 3, 2005), у якой побач з рэальнымі персанажамі дзейнічаюць віртуальныя. Характэрны стыль прозы Андрэя Паўлухіна — «сечаныя фразы», мінімум апісання, аднак адводзіцца вялікая ўвага інфармацыйнай ёмістасці сказа. Базавая платформа твора — аналіз сённяшніх грамадскіх і навукова-тэхнічных працэсаў з праекцыяй на ўжо адчувальнае заўтра.
А вось Алесь Бычкоўскі развівае жанр фантастычнага апавядання, і, на маю думку, упэўнена рухаецца ў напрамку стварэння фант-навелы. Менавіта такім чынам можна акрэсліць яго твор «Муары Лідлу» (№ 11, 2005) з прыпавесційнай фабулай і нечаканым фіналам. Увогуле, калі б у нас існавала «Залатая серыя беларускай фантастычнай прозы», «Муары Лідлу» заняло б у ёй пачэснае месца.
Неадназначная «зорная дарога» пісьменніка-фантаста Алеся Аляшкевіча. Калісьці даволі шырокі крытычны рэзананс выклікала надрукаваная ў «Маладосці» (№ 7, 2004) аповесць «Век Вадаліва». Праз два гады ў тым жа часопісе (№ 6, 2006) выходзіць другая аповесць «Даліна дзвюх поўняў». Калі ў першай аўтар захапіўся сюжэтнай лініяй і маральным настаўленнем чытача, не вельмі дбаючы пра псіхалагічныя партрэты сваіх герояў, характары якіх ад пачатку зададзеныя, таму ўчынкі іх прадказальныя, а паводзіны схематычныя, то ў другой — псіхалагізм відавочна робіцца рухаючай сілай. Два воіны варагуючых касмічных дзяржаў, два жаўнеры амаль роўныя па агнявой і інтэлектуальнай моцы, апынаюцца ў небяспечным асяроддзі. Узаемавыручка, узаемапавага, а пасля і ўзаемапрыцягненне — бо ворагі, аказалася, людзі розных полаў, якія могуць кахаць адно аднаго, — усё гэта дапамагае ім перамагчы абставіны. Пачуцці герояў, эмацыянальная афарбоўка іх размоў, а таксама пастаяннае адчуванне небяспекі, што сыходзіць ад драпежных насельнікаў Даліны дзвюх поўняў, трымае ўвагу чытача. Таму выклікае шчырае шкадаванне трагічная развязка. Хаця цудоўна разумееш, што ўзнятыя праблемы: супрацьстаянне грамадскага абавязку і кахання, гонару і кахання, і, нават, вайсковай дысцыпліны і кахання — даўно раскрытыя ў літаратуры. Аднак гэта яшчэ раз паказвае, што нішто чалавечае фантастыцы не чужое.
З іншага боку, давялося задумацца яшчэ над адной рэччу.
Чытаючы пачатак аповесці Алеся Аляшкевіча «Даліна дзвюх поўняў», дзе апісваецца высадка баявога дэсанта на планету, я міжволі лавіў сябе на думцы, што я дзесьці гэта ўжо чытаў. Давялося зрабіць кампаратывісцкае даследаванне на прадмет інтэртэкстуальных сувязей гэтага твора з іншымі творамі, дзе паказана атака «зорнай пяхоты». І вось адзін вядомы раман знакамітага амерыканскага фантаста Роберта Хайнлайна (Robert A. Heinlein), які у расійскім перакладзе мае назву «Звёздная пехота» (па-англійску ён называецца «Starship Troopers» — даслоўна: «Дэсантныя атрады касмічных караблёў»), навёў на думку зрабіць тэкставы параўнальны аналіз.
У аповесці А. Аляшкевіча пачатак дэсантавання перадаецца наступным чынам:
«— Другі, трэці адсек — адстрэл!
— Бух! Бух!..
Лар пачаў лічыць воплескі. Чацвёрты, пяты, шосты... Ён быў у сярэдзіне спісу стартуючых. Нарэшце звонку пачуўся металічны скрыгат, і ён зразумеў: надышла яго чарга; капсула ў камеры адстрэлу».
А вось тэкст Р. Хайнлайна ў перакладзе А. Дзмітрыева:
«— Центральный отсек... отстрел! — И два звучных хлопка: бум! бум! Это Джелли и сержант отряда отделились от корабля...
Бум! И капсула дергается и передвигается на новое место. Бум! И она дергается снова, как патрон в магазине старинного автоматического оружия...
Что-то клацнуло: мой черед, моя капсула в камере отстрела» .
Відавочна, што героя аповесці «Даліна дзвюх поўняў» Лара і героя рамана «Зорная пяхота» Джоні, ад імя якога вядзецца аповед, «адстрэльваюць» аднолькава. А вось як дэсантнікі ўваходзяць у атмасферу планеты:
«Выбух. Штуршок. І ён у бязважкасці. Ні гуку, ні ціску, ні вагі. Ён свабодна падае на вялікі жоўты круг, які апярэзвае сінільная чарната. Хутка Лар адчуў вібрацыю і разгойдванне капсулы — яна ўвайшла ў атмасферу планеты...»
У Хайнлайна:
«— А-А. М-М! — взрыв, сила которого заставляет вспомнить маневр торможения нашего капитана как детскую ласку.
И тут же неожиданно все ощущения пропадают.
Пустота. Ни звуков, ни давления, ни веса. Парение в темноте... свободное падение, примерная высота — тридцать миль. Атмосферы как таковой еще нет, плавно падаешь навстречу планете, на которой никогда не был.
Я почувствовал вибрацию и раскачивание капсулы, вес возвращался быстро, и вскоре стало совсем хорошо (нам сказали, что сила тяжести на планете будет чуть меньше земной). Все это означало, что капсула вошла в атмосферу».
У беларускім тэксце і рускім перакладзе з англійскай мовы паказваецца адзін і той жа працэс.
Цяпер параўнаем апісанне капсул дэсантнікаў і іх дзеянні пры пераадоленні супраціўлення атмасферы планеты і ўвядзенні ў зман праціўніка:
«Тут жа пачуўся рэзкі металічны трэск. Бух! Гэта адпала першая ахоўная абалонка капсулы. Бух! Другая, рассыпаўшыся на дробныя кавалкі. Цяпер для тых, хто паспрабуе яго засячы на радары, будзе нялёгкая задача — вызначыць, хто з гэтых дзесяткаў цэляў сапраўдны дэсантнік. На вышыні тысячы метраў ад паверхні планеты выскачылі са схованак тармазныя парашуты. Лара падкінула ўгору. Калі адляцела апошняя, трэцяя абалонка, ён раскрыў спускавы парашут».
(А. Аляшкевіч «Даліна дзвюх поўняў»).
«Внешняя оболочка капсулы прогорела и отвалилась. Атмосфера начала тут же разъедать вторую оболочку, качка и тряска усилились, потом стали ёще сильнее — вторая оболочка прогорела и отвалилась по кускам. Одна из тех уловок, которые позволяют десантнику, летящему в капсуле, надеяться дожить до пенсии. Куски оболочки, которые отваливаются от капсулы, не только тормозят падение, но и наполняют небо бессчетным количеством целей, способным сбить с толку любой радар — каждая из них может быть десантником, бомбой или чем-нибудь еще».
(Р. Хайнлайн. «Звёздная пехота»).
Як бачым, ахоўныя капсулы дэсантнікаў, састаўленыя са шматслойных абалонак, функцыяніруюць ідэнтычна. Тое ж можна сказаць пра іншае абсталяванне. Напрыклад, вось што гаворыцца пра скафандр «зорнай пяхоты»:
«Скафандр быў апошнім дасягненнем зямной ваеннай навукі. Каб кіраваць ім, не патрэбна вучоба. Варта толькі апрануцца ў яго, і ты ўмееш усё: хадзіць, бегчы, паўзці. Усе твае рухі ён паўтарае імгненна: скачаш ты і скача ён, толькі куды вышэй, чым гэта зрабіў бы ты без яго. Скафандр проста счытвае пры дапамозе нябачных электронных вушэй з мышцаў імпульсы і дасылае іх у свае стальныя мышцы. Ён не толькі дакладна паўтарае кожны твой рух, а значна ўзмацняе яго. Таму яго проста носіш, як звычайны касцюм. Ён лёгкі і зручны ў баі, хаця на самой справе важыць разам з амуніцыяй з добрую тысячу фунтаў!»
(А. Аляшкевіч «Даліна дзвюх поўняў»).
«А скафандр можно просто носить.
Две тысячи фунтов в полном снаряжении. Но стоит только влезть в него — и уже умеешь ходить, бегать, прыгать на
невероятную высоту, припадать к земле, брать куриное яйцо, оставляя его целым...
Внутри доспехов находятся сотнирецепторов, реагирующих на давление. Ты двигаешь рукой, возникает давление на рецепторы. Скафандр чувствует его, усиливает и двигается вместе с твоей рукой, чтобы снять давление с отдавших приказ рецепторов...»
(Р. Хайнлайн. «Звёздная пехота»).
Несумненна, беларускі аўтар знаёмы з рускім перакладам «Зорнай пяхоты», і ўсё ж, казаць пра плагіят мы не можам, бо, па вялікім рахунку, аўтарская мова ў творах розная. Калі ў Р. Хайнлайна шмат эмацыянальных уставак (апавяданне ад першай асобы гэтага вымагае), то ў А. Аляшкевіча пераважае канкрэтыка, яму важна толькі пазнаёміць чытача з тэхнікай, і зрабіць гэта даволі сцісла, бо сюжэт будзе разгортвацца зусім у іншым рэчышчы. А Р. Хайнлайн, ствараючы эпапею нялёгкага жыцця зорных дэсантнікаў, вымушаны вынаходзіць і падрабязна расказваць пра экіпіроўку жаўнераў будучага. Проста беларускі аўтар не захацеў яшчэ раз «прыдумваць ровар» і скарыстаў «добра зарэкамендаваныя» ў фантастыцы вайсковыя прыстасаванні. Трэба аддаць належнае прадбачанню Роберта Хайнлайна, бо яго «Зорная пяхота» выйшла ў 1959 годзе! Яшчэ да першага палёту чалавека ў космас! І пісьменнік-фантаст здолеў стварыць праўдзівую карціну будучага. На жаль, беларускі аўтар, выкарыстоўваючы старыя вынаходніцтвы ХХ стагоддзя, добраахвотна адмовіўся зазірнуць у будучыню. Напрыклад, можна было б удасканаліць баявы скафандр. Ужо цяпер створаны механічныя рукі, якія падпарадкоўваюцца мысленным загадам, ужо сёння ў спецлабараторыях лётчыкі на камп’ютэрных трэнажорах кіруюць самалётамі, якія падпарадкоўваюцца імпульсам мозгу. Такім чынам, можна было ўдасканаліць баявы скафандр будучых зорных дэсантнікаў і «счытваць інфармацыю не з мышцаў», а непасрэдна з мозгу жаўнера. Калі ўявіць, што дэсантнік пашкодзіў руку, і не можа ёй паварушыць, то ён не можа кіраваць і «рукавом» скафандра. А так, працуючы непасрэдна з думкамі дэсантніка, скафандр робіцца больш трывалым і дзейсным.
Тое самае можна сказаць і пра ўваход дэсантнай капсулы ў атмасферу. Ужо сёння пабудаваны і апрабаваны касмічныя караблі, якім не патрэбны вогнетрывалыя матэрыялы на знешняй паверхні. Пры ўваходзе ў атмасферу робіцца нескладаны разварот крылаў (падымаючы іх уверх), карабель гасіць хуткасць, чым зніжае трэнне паветра. Такім чынам, «цыбульныя» абалонкі капсул таксама ў будучым састарэюць, тым больш шчыльнасць атмасфер розных планет неаднолькавая, дый гравітацыя таксама, таму заўсёды пры спуску на планету, паводле Р. Хайнлайна, будзе існаваць рызыка, а раптам «прагараць» усе абалонкі. А падманваць ворагаў кавалкамі абалонак — ненадзейна, кавалкі заўжды меншыя, чым сам дэсантнік, высокадакладная тэхніка, якая безумоўна будзе ў будучым, вылічыць падман. Лепей ужо прыдумаць якіх-небудзь электрамагнітных двайнікоў. Тут трэба фантазія... Шкада, што А. Аляшкевіч не захацеў ні выкарыстаць сучасныя тэхнічныя дасягненні, ні прыдумаць будучыя. Таму не верыцца аўтару, што «скафандр быў апошнім дасягненнем зямной ваеннай навукі», бо далей ідзе апісанне скафандра, які быў прыдуманы паўстагоддзя таму. Праўда, калі быць да канца справядлівым, адно ўдасканаленне ёсць, у Р. Хайнлайна скафандр важыў дзве тысячы фунтаў, а у А. Аляшкевіча ўжо... адну тысячу.
Магчыма, беларускі аўтар выкарыстаў адмысловы постмадэрнісцкі прыём — цытаваў знакаміты раман, і фактычна расказаў гісторыю, якая здарылася з калегам Джоні па «зорнай пяхоце», толькі не з карабля «Роджэр Янг», а з лінкора «Смелы». Але ж у такім разе варта было прывесці якія-небудзь адсылкі — маўляў, пасля сумнавядомай «вайны з багамі» распачалася «вайна паміж прышэльцамі і людзьмі за адзіны ля зоркі альфа Арыёна спадарожнік»... Шмат каму з аматараў фантастыкі вядома, што «вайна з багамі»—жукападобнымі істотамі—апісваецца ў згаданым рамане Р. Хайнлайна. Тады ўзнікла б повязь паміж Сусветам Хайнлайна і Сусветам Аляшкевіча, што толькі б упрыгожыла аповесць «Даліна дзвюх поўняў». Хаця, усё роўна, адмаўленне ад вынаходніцтва новага такая повязь мала апраўдвала б.
Пісьменнік-фантаст, а гэта насамрэч аксіёма, павінен не толькі сачыць за навуковым прагрэсам, а прадчуваць шляхі яго развіцця. Пяро літаратара — вялікі інструмент для вызначэння тых шляхоў. І, шчыра кажучы, шмат якія творы, апублікаваныя на старонках «Фантаста», даказваюць гэта.
«Маладосць», 2007, №3 – с.61-64