Уладзімір Караткевіч Тысячу


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Уладзімір Караткевіч. Тысячу стагоддзяў табе! (1974)
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Уладзімір Караткевіч. Тысячу стагоддзяў табе! (1974)

Статья написана 24 сентября 2017 г. 13:12

…Над гарамі дождж. Над гарамі гнілы — іначай не скажаш — лютаўскі туман. Кіпарысы абвіснулі. Мокнуць пад злівай нахохленыя чорныя дразды. Хваля матляе ў бухце судны, і яны крэсляць мачтамі пахмурнае неба. І ў такія хвіліны міжволі думаеш: а які ж чорт занёс цябе сюды, чалавеча?!

Не сюды трэба было ўцякаць, калі ўжо надакучыў табе Мінск. Некуды на Дняпро ці на Дзвіну. Некуды на Невельска-Віцебскую граду, дзе дрэмлюць густа аснежаныя хвоі, дзе на грывах стаяць лілаватыя лясы. На дзве, здаецца, з лішкам, тысячы паўночных беларускіх азёр. На віцебскія, дзе па святах сядзяць на лёдзе падобныя на пінгвінаў рыбакі, але дзе ёсць і такія азёры, да якіх амаль не дабіраецца чалавек.

А ўрэшце, чаму і не ў сам Віцебск уцячы? У цяперашні, няхай сабе і падобны на іншыя гарады, ушчэнт выпаленыя вайной і адноўленыя па тыпавых праектах, — галоўнае — адноўлены, галоўнае — свой, зялёны, гаманлівы, часам аж да крыку, вясёлы, адбіты ў плынях Дзвіны, аточаны лясамі.

Або ў горад, які я памятаю з дзяцінства, з арачным мостам над Віцьбай, са стрэламі званіц, з вулачкамі, што збягаюць да Дзвіны, суматохлівы і, як мне тады здавалася, надта ж ужо вялікі.

Хадзіць пад снегам ці нават — няхай! — пад дажджом, або, лепей, летам стаяць над вялікай ракой, швэндацца паркамі, дзе ў дажджлівыя ночы стаяць вакол ліхтароў вясёлкавыя кругі. І ўспамінаць, шмат успамінаць, хаця з таго, што ўспамінаеш, мала чаго засталося, хаця там цяпер усё новае.

Шматпакутны тысячагадовы прыгажун! Колькі ж разоў даводзілася табе за гэтую тысячу гадоў твайго жыцця ператварацца ў прысак і ўваскрасаць з гэтага прыску! І хай мяне шасне пярун, калі я, нягледзячы на трывіяльнасць такой паралелі, успомніўшы пра ўсё гэта, не ўспомніў фенікса.

Тысяча гадоў… Калі табе споўніцца дзве тысячы, ад нас нічога не застанецца, але і тады наша любоў да цябе будзе нячутна блукаць вуліцамі тваімі, горад, і жыць у вачах і душах новых тваіх грамадзян.

Ёсць шмат тысячагадовых гарадоў. Часам куды галаснейшая іхняя слава. Таму што там галоўным быў меч, а рукі — толькі пасля. А ў цябе былі залатыя рукі тваіх творцаў, тваіх грамадзян, якія толькі па крайняй неабходнасці браліся за меч. А гісторыя чамусьці болей аддавала ўвагі заваёўнікам, а не тым, хто мірна ткаў палотны, рабіў па золаце і срэбры, араў, гарбарнічаў — словам, рабіў простую і сумленную справу, працу, без якой чалавек даўно б перастаў быць. Праўдзівей, проста не стаў бы чалавекам.

Гэтыя рукі і выкапалі тут тысячу гадоў назад першую напаўзямлянку, звалілі першую залатую хвою, паклалі камень у падмурак першай хароміны і, мабыць, высеклі на камені пасярэдзіне Дзвіны, ля Забежжа (відаць, каб першыя ладдзі ведалі фарватар), глыбокі шасціканечны крыж. Не ведаю, ці ляжыць той камень і зараз. Калі так, то ён памятае ладдзі з лебядзінымі цыямі і барвянымі ветразямі, а ў іх — суровых людзей, першых віцьбічаў, а магчыма, і саму княгіню Вольгу, якая (прынамсі, так кажа пазнейшае паданне) заснавала горад.

Не ведаю, ці так гэта. Ды, урэшце, такая жанчына, перад якой схіляліся плямёны, чалавек падступнага сэрца і дзяржаўнага розуму, па слове якой сутыкаліся народы і звінела «варажская сталь у візантыйскую медзь», у сэрцы якой ужываліся разлік і каханне, здрадніцтва і вера, — жанчына гэтая магла не толькі паліць, але і будаваць гарады.

Як далёка відаць з узвышша! Які кашлаты дыван лясоў, разарваных толькі Дзвіной ды малой Віцьбай. Да самага небасхілу. І толькі у-унь там адна нітачка дыму. І цішыня.

І першы ўдар сякеры аб камель дрэва. І ўпершыню спалоханая сойка заверашчала і рванулася з яго прэч.

Што думаў, што мог прадбачыць у будучых стагоддзях, у шалёным іхнім пажары і дыме гэты не вядомы нам чалавек?

Па-першае, ён ужо ведаў, што назва гораду будзе тая, якой мы завём яго і зараз. Чамусьці амаль заўсёды менавіта маленькія, а не вялікія рэкі даюць назву вялікім гарадам.

Па-другое, ён ведаў, што месца вольнае, адкрытае вятрам, высокае, а значыць, здаровае і бяспечнае і нашчадкам ягоным някепска будзе тут жыць.

Па-трэцяе, ён беспамылкова ведаў, што гораду шырыцца, і расці, і багацець. Таму што тут вялікі ўсходні рачны шлях: Балтыка, Дзвіна, Каспля, Дняпро. А па Дняпры — хочаш у грэкі, а хочаш і на ўсход, у Булгары Волжскія. А колькі сухапутных шляхоў! Увесь свет перад табою, чалавеча. Уцвярдзіся і стой. Давеку.

I ён уцвярдзiўся. I, мабыць, досыць хутка мiж Вiцьбаю, Дзвiною i Ручаём з'явiлiся зямлянкi i хаты, а там забялелi i першыя частаколы, якiя потым, вельмi хутка, пайшлi расколiнамi i пацямнелi пад сонцам, i ветрам, i завеямi, што наляталi з Дзвiны. Тут вось i ўсталi пасля два замкi — Верхнi i Нiжнi. Але пасля прагны — увесь рух i рост — горад зрабiў крок праз Вiцьбу, i там стала Узгор'е, i там стаў гандлёвы цэнтр, i адабраў iмя «места» ад старэйшых сваiх братоў.

А пасля пайшло. Задунаўе, Задзвінне. Паўсюль вырасталі звонкія хаты, млыны, званіцы, склады для сваіх і іншаземных тавараў, закураныя буды. Паўсюль з'яўляліся ў дрымучых пушчах лапікі палёў, дыміліся ляды, звінеў пасля на іх месцы блакітнымі завушніцамі авёс і гразіліся дзідамі жыта і ячмень.

Словам, стаў Горад. А паколькі стаў Горад, то з'явіліся і князі з дружынамі… А з імі разам прыйшло тое, што летапісцы звалі: «і ўста род на род, і племя на племя». І заспявалі па ярах Віцьбы, па гарах Места, па пясках і хвалях Дзвіны мячы. Брачыславы, Ізяславы, Давіды — хто іх там разбярэ з іхнімі сварамі, перадачай гарадоў з рук у рукі і іншым такім.

А горад ведаў: трэба працаваць, нягледзячы на князёў, трэба ўзвышаць адзінае, што яны лічылі сапраўды каштоўным: свой Вітбеск, сваю родную зямлю, цягнуць ніці гандлю ўсё далей на захад — да Любека, Данцыга, Мюнстэра, Брэмена, усё далей на поўдзень — да Кіева і Царграда, усё далей на ўсход — да Масквы, да Суздаля і Уладзіміра і далей, далей…

Трэба, каб па-ранейшаму на віцебскіх прыстанях чуліся галасы іншаземных купцоў, жаўцелі колы воску і залаціўся ў бочках бурштынавы мёд, трапяталі ветразі, іскрыліся пад рукой футры, кашлаціліся аўчыны, пераліваліся індыйскія і арабскія тканіны, звінелі скандынаўскія бронза і срэбра, свяціўся прыбалтыйскі бурштын. Каб было золата і, побач з ім, яшчэ даражэйшая пры патрэбе соль, і нямецкія віны, і галандскія сукны, і імбір, і мігдал немаведама адкуль, і ўсё-ўсё. І каб гучна, як на імшу, перазвоньваліся раніцамі кузні, цягнула гараю з домніц, смярдзела скурамі, дубовай карою, рогам.

Нехта падлічыў на пачатку нашага стагоддзя, што горад плаціў князям у 1-й палове ХІІ стагоддзя ў якасці падаткаў і пошлін да 600.000 рублёў. Сума па тых часах астранамічная…

Беды да часу абыходзілі горад бокам. Татары — блізка не падышлі. Іх сваімі мурамі, сваімі шчытамі, рэкамі крыві адкінулі Крычаў і Слуцк, Бярэсце, Тураў і Крутагор'е. Удалося, праўда, на некаторы час уварвацца ў Віцебск і сесці ў ім Ярдзвілу, сыну Рынгольта, аднак праз некаторы час віцьбічы турнулі яго так, што… Ну ды што казаць: многія ведаюць, як могуць турнуць віцьбічы.

А браць у рукі меч віцьбічам даводзілася часта, бо на доўгія гады горад апынуўся на пярэднім краі, на фарпосце.

Пачалося з Літвы, якая дзе сутычкай, дзе ўмовай, дзе дынастычнымі сувязямі паступова падбіралася да Віцебскага княства. Урэшце, у 1318 годзе Альгерд, ажаніўшыся з адзінай дачкою апошняга віцебскага князя Яраслава Васільевіча, прыняў веру, што панавала ў горадзе, а праз два гады, пасля смерці цесця, сеў на Віцебскі стол.

Праўда, у горадзе мала што змянілася. Віцебск не на апошнім месцы сярод пятнаццаці самых значных і вялікіх гарадоў княства.

Змянілася, бадай, адно. Горад атрымаў два паясы: адзін каменны, а другі — драўляны.

Каменны, з васьмю вежамі, сярод якіх асабліва моцныя былі Усцянская, Прачысценская і Замкавая, абхапіў Верхні Замак, узнёсся над Дзвіною і Віцьбай, прыўкрасіўся каменнымі ж княжымі палатамі (на жаль, ужо ў ХVІІ ст. ад іх застаўся толькі адзін мур са сходамі). Ніжні Замак быў ахоплены падвойнаю — з засыпкаю з каменю і зямлі — дубовай сцяной. У ёй было пятнаццаць вежаў.

І ганарыста працягнулася праз увесь горад, ад Заручэўскай брамы, паўз каменны цуд Благавешчання (якое Альгерд таксама абнавіў), да каменнай Замкавай брамы і там, раздзяліўшыся на дзве, — да брам Завіцебскай і Задунаўскай, — Вялікая вуліца.

Удзень і ўначы, ад першай чыстай вады і да ледаставу, прыходзілі пад гэтыя муры людзі, стругі і паўстругі, люзы, баркі, бяспалубныя ганчакі, лайбы, барліны, часам да пяцідзесяці метраў даўжынёю. Зімою валілі абозы. А гандаль ішоў круглы год.

Ды час быў суровы, жорсткі і вераломны. Асабліва даставалася гораду ад усобіц.

Пачынаецца, напрыклад, звада Свідрыгайлы. За ім стаяць лівонскія рыцары. Яны бяруць горад, хапаюць намесніка Фёдара Вясну і кідаюць яго з Замкавай вежы ў Дзвіну…

Потым Вітаўт цэлы месяц штурмуе Ніжні замак і, уварваўшыся ў яго, ставіць гарматы ля царквы Благавешчання і ўдзень і ўначы, без хвіліны адпачынку, садзіць па каменных мурах і вежах і па самім Верхнім замку. Узніклі пажары, быў моцна разбіты палац Альгерда.

Горад пераходзіць з рук у рукі…

Ох, як набрыняла зямля твая крывёю, мой Віцебск! Ты — памежная крэпасць, і вечна ля тваіх брам хмары парахавога дыму, крыкі, гігатанне коней і шалёны ломат сталі. Адны прыходзяць і адыходзяць, другія — за імі. А ты застаешся на месцы, ты мусіш стаяць на месцы, часта зусім без ніякай абароны (толькі напаўразнесеныя муры ды сэрцы абаронцаў).

Ты мусіш стаяць.

1516. Па горадзе і пасадах вецер ганяе чорны попел.

1519. Пасады гараць. Людзі пабітыя.

1534. Усё наваколле выпалена.

1536. Замест пасадаў — жар. Людзей цягнуць у палон.

1568. Адбіліся…

І далей, і далей, і далей. І ўжо страшна і сумна пералічваць.

А як перажываць самому? Як бачыць, што вось военачальнікі глядзяць з муроў у даўжэзныя трубы, а там, куды глядзяць, — пыл і крыкі, і яны ані д'ябла не бачаць, а ты ведаеш, што гарыць твой дом, што гэта дакладна ў тым месцы, дзе ён, і гарыць тваё беднае майно, і карова, на якую ледзь узбіліся, і, магчыма, сын, які пагнаў тваю карову пасвіць, і сваякі, і ўвесь твой маленькі свет, які не ты стварыў і не ты насяліў несправядлівасцю і вайной?!

Але ты мусіш. Мусіш біцца да апошняга, а пасля, калі ацалееш, зноў узводзіць дамы, проста жыць, бо ты — гэта і ёсць горад. Ты, а не тыя, з трубамі. А горад мусіць стаяць.

Што толку ў тым, што яму дадуць першы герб: на блакітным полі — галава Спаса, а пад ёю — акрываўлены клінок? Ты занадта добра ведаеш, што гэты акрываўлены клінок можа ўпасці перш за ўсё на тваю шыю, што гэта штодзённы сімвал твайго жыцця. Але ты ганарышся і ім, і сваёй ратушай, і сваёй самай дакладнай «важняй», і сваім вечавым звонам. Ты не ведаеш, што ў цябе лягчэй лёгкага адабраць гэта, але ты ганарышся сваім Магдэбургскім правам.

Бо ты сын гэтага, для цябе найлепшага ў свеце, горада.

Не ты адзін так думаеш. У 1413 годзе саратнік і ўлюбёны вучань Яна Гуса Геронім Пражскі пабывае ў Віцебску. Пазней на працэсе, пасля якога яго спаляць, адным з галоўных абвінавачванняў супраць яго будзе тое, што ён прылюдна заявіў у Віцебску аб тым, што віцьбічы добрыя хрысціяне і добрыя людзі.

І ты не ведаеш, што на цябе насоўваецца яшчэ больш страшная кара. Можа быць, менавіта за тое, што ты любіш волю і што ты харошы чалавек…

Стылае світанне на 12 лістапада 1623 года. Усё вырашана ўжо напярэдадні. Ужо напярэдадні мяшчане пакідалі ў адну купу ўсе шапкі на знак таго, што будуць стаяць, як адна галава. На дапамогу падышлі палачане, вільняне, аршанцы. Нельга цярпець. Бо зачыняюць школы, бо пячатаюць цэрквы і засталіся толькі два буданы, у якіх людзі слухаюць сваё слова: у Заручаўі і ў лесе за Дзвіной. Але падбіраюцца і да іх. І паўсюль абражаюць цябе за тое, што ты — гэта ты. І нават нябожчыка бацьку дазваляюць вывозіць толькі праз тую браму, якой вывозяць «смрад і смецце ўсякае».

І вось калі арцыбіскуп Іосафат (а ты завеш яго «Ізахват» і «Душахват») Кунцэвіч вяртаецца ад ютрані з царквы Успення маці божай (прачыстай), што на Узгорскім пасадзе пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну, у свае Віцебскія палаты, што там жа, зусім непадалёк ад царквы, — над горадам гучыць набат і робіцца раптам светла: зашугала полымя.

Мноства народу кінулася да палатаў, збіла шматлікіх служак біскупа, змяла іх, кінулася на чалавека, які ўвасабляў у іхніх вачах усё зло. Яго забілі ўдарам баявой сякеры-гізаўры ў галаву, дастрэлілі з пішчалі, пацягнулі за ногі па горадзе, забілі ягонага сабаку і кінулі на ягоны труп, кінулі з адхона ў Дзвіну, а там рыбакі, наклаўшы яму за вопратку каменняў, павезлі труп і ўтапілі яго ля Пескаваціка.

Віцебск адстаяў гонар цэлага народа. І Віцебск паплаціўся за гэта.

Сто гараджан былі прысуджаны да пакарання смерцю. Галовы зляцелі толькі ў дваццацёх, бо астатнія паспелі ўцячы. Вось імёны страчаных: Навум Воўк і Сымон Неша, Янка Гужнішчаў, які біў у вечавы звон, Грышка Скарута, Гаўрыла Раманавіч, Іярмак Гайдук, Фурса, Шапавалаў сын, Багдан Кузнец, Грышка Бібка, Гаўрыла Пушкар, Ісак Любчын, Іван Аквін, Раман Даніловіч, Фёдар Казак, гаршчэчнік, Фёдар Цацэка, Якаў Шынкар, Сцяпан Труховіч, Пятро Васілевіч Палачанін. Акрамя таго, яшчэ двух абмазалі цамянкай і зрабілі дзве жывыя статуі. Жывыя, вядома, толькі спачатку.

Герб з крывавым клінком выявіўся прарочым. Горад быў аддадзены страшэннаму пагрому…

Чаго толькі не адбывалася з тых часоў! Казакі Пятра І падпалілі яго з усіх бакоў (той выпадак, калі дзейнічаў не дзяржаўны розум цара, а, па словах Пушкіна, «указы, писанные кнутом»). Агнявой лавінай пракаціўся па ім Напалеон.

І ўсё адно знішчаны, здавалася б, горад уставаў, аздабляўся садамі, гудзеў па рацэ параходамі, на сушы — цягнікамі, выцягваўся ў вышыню, прыгажэў будынкамі. Віцебск умеў не толькі пратэставаць, не толькі — пры патрэбе — паўставаць. Віцебск, перш за ўсё, з самага пачатку, умеў працаваць і ствараць. Менавіта ў гэтым была ягоная неадольная сіла. Менавіта таму ніякім каралям, біскупам, царам і фюрарам ніколі не ўдавалася нічога з ім зрабіць.

Нават тады, калі праца была замаскаваным сродкам рабунку.

Ёсць у беларусаў такі не дужа разумны (а можа, і разумны ў вышэйшым сэнсе) звычай: ставіцца да сябе, да сваёй вёскі, да свайго горада з некаторай іроніяй (гэта пакуль той горад не зачэпіць нехта іншы).

Дзед мой, са слоў свайго бацькі, казаў, што калі праз Віцебск была пракладзена першая чыгунка, то ў першым буфеце на гэтай першай станцыі на ўсіх сталовых прыборах было выгравіравана: «Украдено на станціи Витебскъ».

Ну і няхай сабе не дужа разумна. Але ж затое яшчэ тады, у даўнія часы, горад звязаў сябе сеткаю чыгунак з Рыгай, Арлом, Масквой, Пецярбургам, Кіевам, Брэстам.

І яшчэ тады рукі яго грамадзян умелі плавіць шкло, ліць чыгун, спускаць на ваду параходы і шліфаваць лінзы. Дый ці мала яшчэ чаго?

І, амаль адначасова з гэтым, горад стварыў тое, што маглі сабе дазволіць вельмі нешматлікія гарады: сваю мастацкую школу, якая заняла неаспрэчнае месца не толькі ў гісторыі мастацтва Беларусі. Якія б назвы яна не насіла: «Школа Ю. Пэна», «Народна-мастацкая школа», «Віцебскае мастацкае вучылішча» — школа гэтая была месцам, дзе выкладалі сапраўдныя мастакі і дзе такія ж сапраўдныя мастакі выхоўваліся. І калі гавораць пра ілюстрацыі М. Дабужынскага да «Белых начэй», або пра «Здраўнеўскі цыкл» І. Рэпіна, карціны К. Малевіча або М. Шагала — усім нам трэба памятаць, што гэта не толькі сусветная вядомасць, але гэта яшчэ і Віцебск.

Віцебск 17 кастрычніка 1905 года вывеў на плошчу перад ратушай дваццаць тысяч сваіх грамадзян (загінула ад куль — васемнаццаць). А наступнага дня выйшла на вуліцы ўжо сорак тысяч. І была ўшчэнт разнесена турма і вызвалены палітзняволеныя.

1 сакавіка 1917 года вулкамі і плошчамі Віцебска пракацілася вестка аб звяржэнні самаўладства.

4 сакавіка бальшавікі правялі сход і стварылі на ім Савет рабочых дэпутатаў і прафесійныя саюзы.

Адначасова (6–7 сакавіка) быў створаны Савет салдацкіх дэпутатаў. Пазней абодва Саветы аб'ядналіся, сталі Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Калі падыдзеш да дома № 2 па вуліцы Пушкіна, то ўбачыш мемарыяльную дошку, устаноўленую ў памяць аб дзейнасці першага Савета, які ўвёў васьмігадзінны рабочы дзень, шмат зрабіў для паляпшэння становішча самых бедных працоўных, стварыў народную міліцыю і г. д.

У тым жа «доме першага Савета», па Пушкінскай, адбылася (з 1 па 3 кастрычніка) І Віцебская губеранская канферэнцыя бальшавікоў. Заслугаю віцебскіх бальшавікоў было тое, што ўсяго праз два дні пасля перамогі ў Петраградзе рэвалюцыя перамагла і ў Віцебску.

Віцебск ляжаў на шляху, які вёў ад стаўкі на Петраград. Стаўка і штаб Заходняга фронту паслалі каля 20 тысяч войска (салдаты і казакі), каб затаптаць у сталіцы агонь рэвалюцыі. За 11 дзён (з 28 кастрычніка па 7 лістапада) віцебскія бальшавікі і чырвонагвардзейцы раззброілі ўсе гэтыя 20 тысяч.

Пачаўся новы этап: грамадзянская вайна, у якой жыхары Віцебска таксама прынялі актыўны ўдзел. На ўсіх франтах. Ад Архангельска да Крыма і ад Варшавы да Уладзівастока.

У чэрвені 1919 года прыбыў у Віцебск з агітацыйным цягніком «Кастрычніцкая рэвалюцыя» М. І. Калінін. Ён выступіў тут на пасяджэнні партыйных, прафсаюзных і заводскіх камітэтаў, на мітынгу воінскіх часцей, перад рабочымі фабрык і заводаў горада, на шматтысячным мітынгу чыгуначнікаў. Радзіма ў небяспецы. Усе — на адпор. Чыгуначны транспарт павінен дзейнічаць бесперабойна. Таму што рабочыя галадаюць, таму што ў арміі цяжка з ежай, таму што гарады і прамысловасць замярзаюць, паміраюць без паліва.

Ужо 14 чэрвеня прыйшлі і сталі пад ружжо першыя шэсцьсот жыхароў Віцебска.

Скончылася перамогаю вайна. Паўсюль яшчэ віраваў бандытызм, успыхвалі сям-там мяцяжы. Але самым страшным ворагам была разруха, амаль поўнасцю знішчаная гаспадарка, мёртвыя заводы, іржавыя рэйкі чыгунак. Віцебск у гэтым сэнсе не быў выключэннем. Невядома было нават, з чаго пачынаць, з якога канца прыступіцца. Але горад, як і ўся краіна, хацеў хутчэй забыць старое, цягнуўся да ведаў і працы, да новага.

Горад пачаў з асветы. 1 кастрычніка 1918 года адкрыліся дзверы педагагічнага інстытута. Новаму грамадству перш за ўсё быў патрэбны новы, адукаваны чалавек.

Рукамі гараджан, іх працаю горад і яго прамысловасць паступова пачалі ажываць. Зацеплілася, слабое пакуль яшчэ, жыццё на старых, дробных прадпрыемствах (на базе многіх з іх выраслі пазней такія буйныя станкабудаўнічыя заводы, як імя Кірава і «Камінтэрн»). У гады першых пяцігодак былі пабудаваны швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» (уведзена ў строй 7 лістапада 1930 года) і панчошна-трыкатажная фабрыка «КІМ» (будавала яе моладзь у 1929 — 31 гадах).

Віцебск прыўкрасіўся новымі будынкамі. Людзі тых гадоў памятаюць, як ганарыўся горад дамамі-камунамі на цяперашніх вуліцах Суворава і Горкага, домам спецыялістаў, новай трамвайнай сеткай, новым вадаправодам. І як ганарліва задзіраліся віцебскія насы з кожным новым інстытутам («як жа, наш!») — ветэрынарным (1924), медыцынскім (1934). А тэхнікумаў і не злічыць: палітэхнічны, фінансава-эканамічны, сельскагаспадарчы, кааператыўны, ветэрынарны, швейнатэкстыльны. І мастацкае, музычнае, педагагічнае вучылішчы. І сорак тры школы, не лічачы фармацэўтычнай, школы медсясцёр, школы лабарантаў, школы фельчарска-акушэрскай.

У горадзе, як і паўсюль, чынілася другая рэвалюцыя, не менш важная за першую: рэвалюцыя духу, псіхікі, культуры. Людзі думалі не толькі пра хлеб і сталь, а і пра яе, культуру — часта раней, чым пра хлеб, — і гэта, між іншым, сведчыць на іх карысць.

Чэрвень 1919 — ратуша аддадзена краязнаўчаму і мастацкаму музею. Зараз ён — адзін з лепшых у рэспубліцы.

21 лістапада 1926 года — упершыню ўзнеслася заслона Другога Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра. Не заўсёды другога па якасці пастановак і таленту акцёраў. Часта — першага.

Свае літаратары. І, сапраўды, першая і лепшая мастацкая школа…

Пасля пачаўся час выпрабаванняў, пакут і смерці, час барацьбы не на жыццё, а на смерць.

11 ліпеня 1941 года немцы ўварваліся ў Віцебск. Запанавала тое, што пастрашней за самую лютую і задушлівую ноч: фашысцкі «орднунг». На цэлыя тры гады.

Не яны, вядома, выдумалі каменданцкую гадзіну і расстрэл за яе парушэнне. Але вось расстрэл за тое, што ходзіш каля чыгункі або выйшаў у лес назбіраць грыбоў, прэвентыўны расстрэл, або расстрэл заложнікаў, — гэта ўжо выдумалі яны. Пойма Віцьбы за педінстытутам, Ілаўскі і Духаўскі яры, — паўсюль штабелі або проста завалы трупаў, скупа засыпаных зямлёй. І лагер смерці ў пасёлку Лучоса. І гета ў раёне клуба металістаў.

Падвалы СД па вуліцы Політэхнічнай, залітыя крывёю. Шыбеніцы перад ратушай, і на Смаленскім рынку, і ледзь не паўсюль. Амаль 110 тысяч забітых, закатаваных.

І аднак увесь час у Віцебску жыло, дзейнічала, змагалася падполле. Шмат груп. З ліпеня 1941 — група А. Я. Белахвосцікава; з лета 1941 — група М. Я. Нагібава; з вясны 1942 — групы І. А. Бекішава, В. М. Арлоўскага, М. А. Журынскай, В. С. Кулагінай, А. А. Сакаловай; з верасня 1942 года — група А. С. Вінаградавай. На пачатку лета 1943 года ў Віцебску было больш за 60 падпольных груп. А калі ў красавіку 1943 года быў створаны Віцебскі падпольны гарком партыі на чале з В. Р. Кудзінавым — пачалося стварэнне адзінага нелегальнага цэнтра кіраўніцтва падполлем горада.

Агітацыя, праўдзівае інфармаванне людзей аб тым, якімі шляхамі ідзе барацьба, збор зброі і медыкаментаў, дыверсіі і сабатаж на прамысловых і ваенных аб'ектах, вярбоўка надзейных людзей для лесу і для падполля, тэрарыстычныя акты супраць найбольш заядлых і азвярэлых прадстаўнікоў адміністрацыі захопнікаў і іхніх прыспешнікаў — гэта рабілі падпольшчыкі.

У Віцебску загінула Вера Харужая са сваёй групай. Тут загінуў у бітве, якая часта бывала няроўнай, кожны трэці падпольшчык…

У ноч на 26 ліпеня 1944 года войскі І-га Прыбалтыйскага фронту (генерал арміі І. Х. Баграмян) і 3-га Беларускага (генерал-палкоўнік І. Д. Чарняхоўскі) распачалі нечуваны па ўпартасці штурм горада і раніцаю вызвалілі яго.

Мёртвы горад. Сустрэць сваіх пашчасціла ста васемнаццаці жыхарам.

Бадай што лягчэй было будаваць горад на новым месцы, пакінуўшы горы бітай цэглы, жвіру і попелу, парослыя бур'янам і пустазеллем. Але хто б сказаў гэта ўцалелым яго жыхарам, якія паступова сцякаліся на папялішчы? Хіба той, хто ніколі іх не ведаў. Не ведаў іх характару, іхняй упартасці, іхняй працаздольнасці, іх жадання бачыць свой горад зноў жывым, яшчэ лепшым.

Такім, якім мы бачым яго сёння.

270 тысяч чалавек. Трэць усёй прамысловай прадукцыі вобласці. Дываны ягоныя пабывалі на міжнародных кірмашах і выстаўках у Балгарыі, Бразіліі, Венгрыі, Галандыі, Інданезіі, Італіі, Сірыі, Турцыі, Швецыі і ў шматлікіх іншых краінах. Высокадакладныя зубаапрацоўчыя станкі, зробленыя віцяблянамі, купляюць у нас Бразілія, Балгарыя, Мексіка, Іран, Алжыр і іншыя дзяржавы. Трыццаць краін свету купляюць станкі завода заточных станкоў імя ХХІІ з'езда КПСС.

Радыё- і гадзіннікавыя дэталі, электравымяральныя прыборы. Апрацоўка дрэва і харчовая прамысловасць.

Шматлікія інстытуты, тэхнікумы, школы, бібліятэкі, кінатэатры і музеі, дзяржаўны драматычны і два народныя тэатры.

Не толькі горад магутных, усё здольных зрабіць рук, але і горад высокага інтэлекту, ведаў, таленту.

Горад новых прыгожых будынкаў. І горад выключных людзей, якія не толькі ўмелі трымаць у руках зброю пад час рэвалюцый і войнаў, але і ўмелі працаваць і адраджаць з руін свой вечны, старажытны горад на сіняй Дзвіне.

…І вось я блукаю па вуліцах сучаснага горада. Іду пад ягонымі каланадамі, выходжу на зялёныя рачныя адхоны.

Мне крыху шкада яго, старога, шкада ягоных вулачак — ну дакладна, як на карцінах мастакоў старой і цудоўнай Віцебскай школы. Шкада нават рамізнікаў, хаця я разумею, што гэта несусветнае глупства. Шкада — і гэта ўжо не глупства, — што недастатковая ўвага да камянёў, што памятаюць Неўскага.

Але бачу я твары людзей, іхнія ўсмешкі, іхнюю павагу да цябе, людзей, якія раскажуць аб сённяшнім дні горада лепей за мяне, і я разумею, што галоўнае — засталося. Людзі. Пакуль яны ёсць — горад будзе. Гэта словы паўстанцаў 1623, да якіх нічога не прыбавіш: «Нельга зрабіць так, каб у Віцебску не было Віцебска».

Хай нашы далёкія пранашчадкі памятаюць, што мы, не ведаючы, любілі іх, што нашы думкі, уздыхі і словы лунаюць вулкамі і гэтага вялікага, прыўкраснага горада, што і нашы рукі крыху дапамаглі яму зрабіцца такім, што нашы сэрцы ўсё яшчэ грукочуць ва ўнісон з іхнімі сэрцамі і сэрцам горада, што праз нашых прашчураў і наш прах змяшаўся з віцебскай зямлёй, і яе стала крыху болей.

Што яны — гэта крыху і мы, што мы — з імі, што і мы адваявалі для іх гэты вялікі і вечны горад, якому стаяць не тысячы гадоў, а тысячы стагоддзяў.

Гэта нічога, што мы калісь пойдзем, Віцебск. Мы — сыны твае. І ты, колькі б ты ні пражыў, — гэта мы.

У. Караткевіч. “Тысячу стагоддзяў табе”.

Эсэ, прысвечанае Віцебску (урывак).

Сакавік 1974 г.

Аўтограф У. Караткевіча.

(БДАМЛМ, ф. 37, воп. 1, спр. 501, арк. 135)




Файлы: art45-135.jpg (85 Кб)


417
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх