Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ У


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ. У светлае заўтра: вобразы будучыні ў БССР у часы хрушчоўскай адлігі
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ. У светлае заўтра: вобразы будучыні ў БССР у часы хрушчоўскай адлігі

Статья написана позавчера в 13:25

Арыентацыя на будучыню, фарміраванне перспектыў развіцця з’яўляецца важным складнікам жыцця як асобнага чалавека, так і краіны ў цэлым. Савецкі Саюз рэпрэзентаваў сябе ў якасці грамадства, якое знаходзіцца напачатку

новага свету, новай эры чалавецтва. Камуністычная ідэалогія ўвесь час апелявала да навізны, перспектывы трансцэндэнтнай будучыні, што рабіла яе падобнай да рэлігійнага вучэння. Вера ў гэту будучыню значнай часткі народа

нараджала масавы энтузіязм і дапамагала пераадольваць нястачу і пакуты, надавала сэнсавы падмурак паўсядзённаму

існаванню. Новае вымярэнне будучыня набыла ў 1961 годзе, пасля ХХІІ з’езда КПСС, на якім была прынята ІІІ Праграма

КПСС. Яна запэўнівала савецкіх людзей у тым, што на працягу дваццаці гадоў у СССР будзе ў асноўным пабудаваны

камунізм.

Напрыклад, паводле аптымістычных прагнозаў беларускіх эканамістаў, аб’ём вырабляемай у рэспубліцы прамысловай прадукцыі ў 1980 годзе быў павінен перавысіць узровень 1960 года ў 9,3 раза. Выраб электраэнергіі планавалася павялічыць за 20 гадоў у 20 разоў. Вытворчасць збожжа трэба было пабольшыць у 4 разы, бульбы – у 1,6,

мяса – у 2,5, малочных вырабаў – у 3 разы. Планавалася таксама павялічыць вытворчасць працы ў прамысловасці ў

4–4,5 раза, у сельскай гаспадарцы – у 5–6 разоў. Іншыя прагнозы спецыялістаў Інстытута эканомікі АН БССР тычыліся

зліцця вёсак і гарадоў у гарадскія агламерацыі з добраўладкаваным жытлом, медустановамі і школамі, стварэння

сістэмы хуткаснага авіятранспарту і судоў на паветранай падушцы, а таксама росту даходаў на душу насельніцтва ў

3,5 раза. Адначасова з павелічэннем заробкаў і змяншэннем працягласці працоўнага дня, з цягам набліжэння да

камуністычнай сацыяльна-эканамічнай фармацыі чакалася

пашырэнне кола матэрыяльных і духоўных даброт, якімі

насельніцтва магло б карыстацца бясплатна, з грамадскіх

фондаў [1, с. 115–193].

М.С. Хрушчоў звязваў надыход камунізму з рэалізацыяй

на базе дзяржавы дыктатуры пралетарыяту мадэлі агульнанароднай дзяржавы. Гэта, на яго думку, сведчыла аб

пераадоленні сталінскай спадчыны і вяртанні да ленінскіх

вытокаў. Пабудова камуністычнага грамадства ў СССР была павінна cуправаджацца пераходам кіравання ад партыйных і дзяржаўных органаў да грамадскіх арганізацый

накшталт прафсаюзаў і камсамола, гэта значыць ад наменклатуры да грамадзян, усяго грамадства, народа. Савецкі

кіраўнік планаваў значна ўзмацніць ролю саветаў народных

дэпутатаў, іх кантроль за дзейнасцю дзяржаўных органаў, у

тым ліку саюзнага ўрада. Ператварэнне Вярхоўнага Савета

СССР з заканадаўчага органа ў вышэйшы орган кіравання

краінай, пашырэнне паўнамоцтваў Вярхоўных Саветаў саюзных рэспублік, прафесіяналізацыя дзейнасці народных

дэпутатаў – усе гэтыя ініцыятывы былі закладзены ў праекце «хрушчоўскай» Канстытуцыі 1964 года. Змагаючыся

з бюракратызмам, М.С. Хрушчоў на траціну скараціў партыйны і дзяржаўны апарат, дамагаючыся дэцэнтралізацыі

сістэмы кіравання, перадаваў паўнамоцтвы з міністэрстваў

у саўнаргасы, падзяліў абкамы на прамысловыя і сельскагаспадарчыя.

Прасоўванне да камунізму вымагала паступовую змену дзяржаўнага выканаўчага апарату грамадскім актывам,

першапачаткова ў сферах аховы здароўя, правапарадку, сацыяльнага забеспячэння, культуры, спорту. У рамках курсу

на народаўладдзе і самакіраванне ўводзілася практыка ўсенароднага абмеркавання законаў – аб працы, адукацыі,

калгасах, пенсіях і г. д. Меркавалася, што на прадпрыемствах запрацуюць рабочыя саветы, якім будзе справаздачна

адміністрацыя. З’явіліся добраахвотныя народныя дружыны, грамадскія памочнікі следчых, абвінаваўцаў і абаронцаў,

а таксама таварыскія суды. Паспешныя заявы аб бязмежных перспэктывах, якія адкрываліся ў сувязі з камуністычным

будаўніцтвам, рабіліся па ўсіх важных кірунках грамадскага жыцця.

М.С. Хрушчоў лічыў, што ўсе аб’ектыўныя фактары для пераходу ў камуністычнае грамадства меліся, заставалася

толькі мабілізаваць энергію працоўных для рэалізацыі пастаўленых партыяй мэт. Пасля ХХ з’езда пачалася рэалізацыя

праграм павышэння заробкаў і жыллёвага будаўніцтва. Былі павялічаны памеры пенсій, а таксама вызначаны пенсіі

для калгаснікаў. Скарачаліся індывідуальныя падаткі для нізкааплатных катэгорый працоўных. Урад адмяніў аплату навучання ў старэйшых класах сярэдняй школы і вышэйшых навучальных установах. Адначасова павялічылася

дапамога шматдзетным сем’ям, а таксама з нагоды часовай непрацаздольнасці. Быў адменены закон 1940 года аб

замацаванні рабочых да вытворчасці і суровых пакараннях за прагулы і спазненні. Спыніўся выпуск дзяржаўных

пазык, абавязковых для набыцця працоўнымі.

М.С. Хрушчоў дэклараваў, што развівацца і ўдасканальвацца чалавек можа толькі тады, калі яму давяраюць, падахвочваюць думаць над тым, дзеля чаго ён жыве і працуе. Падобны падыход да стварэння «чалавека будучыні», які

базаваўся на веры ў яго найлепшыя якасці, у першай палове 1960-х гадоў зрабіўся дыскурсіўным у ідэалагічнай рабоце

партыі. Пра яго важнасць сведчыў прыезд у Мінск у сакавіку 1960 года сакратара ЦК КПСС К.А. Фурцавай. Мэтай візіту

«Кацярыны ІІІ» у беларускую сталіцу быў удзел у рэспубліканскім сходзе партактыву, прысвечаным фарміраванню новага чалавека – будаўніка камунізму. Цяпер рытуальнае пытанне ўступаючаму ў шэрагі партыі аб тым, як ён уласным

жыццём і працай набліжае перамогу камунізму, набывала новы сэнс. Услед за партыйцамі пытанне «Што значыць

вучыцца камунізму?» задавалі сабе камсамольцы.

Як і на працягу ўсёй савецкай гісторыі, у другой палове 1950-х – першай палове 1960-х гадоў вобраз камуністычнай

будучыні заставаўся калектыўным праектам, які знаходзіўся пад кантролем дзяржаўнай ідэалогіі. Разам з тым,

лібералізацыя грамадска-палітычнага жыцця, якая адбывалася ў той час, дазволіла выпрацоўваць асобасныя, прыватныя адносіны да рэалізацыі Праграмы пабудовы камуністычнага грамадства. Гэты дакумент актывізаваў крэатыўнае

ўяўленне савецкіх грамадзян, пераважна моладзі і інтэлігенцыі, якія шчыра дэманстравалі персанальную ўключанасць

у камуністычны праект.

Неўзабаве пасля заканчэння ХХІІ з’езда малады беларускі пісьменнік І. Хадановіч (забіты ў 1966 годзе вулічным

хуліганам) прапанаваў наступную ўтапічную рэканструкцыю дня надыходу ўсеагульнага шчасця:

« – Таварышы! – голас у рэпрадуктары надломваецца, афіцыяльнасць патанае ў прыліве пачуццяў.

– Таварышы! Мы ўступаем у першы камуністычны год!..

Уздрыгваюць і пачынаюць біцца разам сэрцы. Радасць! Пульсуе ў грудзях. Мільёнамі сонцаў свецяцца вочы. Не

чалавек – адна хуткая жылка! Узмоцненае мноствам рэпрадуктараў па планеце пракатваецца магутнае „ўра“. Касмічныя

лабараторыі фіксуюць зваротны імпульс: голас Зямлі пачуты!..

На вуліцах замёр аўтамабільны рух. Людзі! Сотні, тысячы, мільёны – народы. Свет выйшаў на вуліцу… Нейкі расчулены дзівак схапіў у радасныя абдымкі і кружыць незнаёмца. Разгублена гучыць голас:

– Не помню, хто вы мне…

– Сябар, Таварыш, Брат!

…Пераможным шэсцем – праз вякі, праз космас – крочыць па зямлі Камунізм. І ў светлых калонах яго – шэсць

сясцёр: МІР, ПРАЦА, БРАЦТВА, РОЎНАСЦЬ, СВАБОДА і ШЧАСЦЕ» [2, с. 2].

Сімвалам камуністычнай будучыні з’яўляліся атамная энергетыка, кібернэтыка, вялікая хімія. І, вядома, засваенне

чалавекам космасу: першыя касмічныя палёты прадэманстравалі перавагу навукі над рэлігіяй, яны дэсекулярызавалі

неба, перш за ўсё ў вачах моладзі. Касмічная тэма зрабілася адной з галоўных у савецкай інфармацыйнай прасторы.

Афіцыйныя паведамленні аб новых запусках, каментары вучоных, вершы, малюнкі змяшчаліся на першых палосах і

вокладках беларускіх газет і часопісаў. Дзяржаўная прапаганда прадстаўляла савецкія перамогі ў космасе як важкі

доказ перавагі сацыялізму над капіталізмам. Абсалютная большасць насельніцтва шчыра падзяляла гэту ідэалагему

і ганарылася выдатнымі дасягненнямі сваёй краіны ў засваенні космасу.

Малюнак у часопісе

«Вожык» № 15 за 1961 год6 8

4 кастрычніка 1957 года Ул. Караткевіч напісаў верш «Спадарожніку Зямлі», дзе ласкава назваў яго «мой маленькі

нябесны друг» [3, с. 99]. Падобным чынам, як жывую істоту, апісаў станцыю «Луна-2», якая 14 верасня 1959 года

ўпершыню ў свеце дасягнула паверхні Месяца, паэт С. Грахоўскі: «Яна душою нашаю сагрэта, яна жывым праменіцца

цяплом» [4, с. 1]. А. Вольскі выказаў надзею на тое, што яшчэ пачуе, «як ступіў на Месяц равеснік мой – Савецкі

Чалавек» [5, вокл.]. Р. Барадулін адрэагаваў на здзейснены 12 красавіка 1961 года першы пілатуемы палёт у космас

адпаведнымі дзёрзкімі радкамі:

Сонца, пратры акуляры,

Шлях караблю не замглі.

Бачыш – ляціць Гагарын,

Мужны паўпрэд Зямлі [6, с. 2].

63-гадовы Ул. Дубоўка адкаментаваў запуск карабля «Усход-5» наступным чынам: «Упэўнены, што гэта не апошні

палёт. Рушаць услед чарговыя, і нейкі з іх будзе з пасажырамі. Хацеў бы злётаць і я» [7, с. 2].

Пачынаючы з сярэдзіны 1950-х гадоў, касмічную тэму ў сваіх навукова-фантастычных творах пачалі распрацоўваць

беларускія празаікі. Нібыта ў прадчуванні вялікіх дасягненняў СССР у космасе, у 1954 годзе М. Гамолка напісаў аповесць «За вялікую трасу», у якой навукова-фантастычны жанр спалучаўся з элементамі прыгодніцкага. Данінай часу

быў эпізод у аповесці, дзе ў экіпажы савецкіх касманаўтаў выкрываўся амерыканскі шпіён [8, с. 183]. Тэму скарэння

космасу пісьменнік працягнуў у рамане «Шосты акіян» (1959), а таксама п’есе «Бітва ў космасе» (1963).

Літаратурную творчасць М. Гамолка сумяшчаў з напісаннем публіцыстычных артыкулаў, у якіх таксама

прадэманстраваў здольнасць навуковага прадбачання. Натхніўшыся адкрыццём першай савецкай АЭС, ён прадказаў

канструяванне касмічных ракет на ядзерным паліве. Акрамя таго, пісьменнік прадбачыў стварэнне міжнароднай

касмічнай станцыі, назваўшы яе «Малая Луна»: «Яна ўяўляе злучэнне велізарных доўгіх цыліндраў і знаходзіцца на

адлегласці тысяча кіламетраў ад Зямлі. Зазірнуўшы праз празрыстыя паўсферы, можна ўбачыць у іх пакоі, калідоры, дзе

жывуць і працуюць савецкія навукоўцы і тэхнікі. У гэтай надземнай станцыі ёсць спецыяльны „прычал“ – ракетадром,

на якім здзяйсняюць пасадку ракетныя караблі перад палётам на Месяц, Марс, Венеру» [9, с. 3].

Мару Ул. Дубоўкі і тысяч менш вядомых беларусаў паляцець у космас здзейсніў на старонках сваіх фантастычных

апавяданняў У. Шыцік. Задоўга да рэальнага палёта ў космас першага беларуса ён накіраваў сваіх герояў – Клімянка

на караблі «Антэй» у галактыку Альфа Ікс, Янку – на Марс, а Петруся Якубеню на планету Аркандру [10, с. 47–66,

189–209]. Покліч космасу, дзе чалавек нарэшце зробіцца разумным, свабодным, неўміручым адчуваецца ў кожным

радку фантастычнай паэмы А. Зарыцкага «Вяртанне на Зямлю» [11, с. 3–15].

Касмічны энтузіязм, які перажывала беларускае грамадства ў другой палове 1950-х – 1960-я гады, праявіўся не

толькі ў творах літаратараў, а і ў прагнозах вучоных. Сустрэчу з разумнымі істотамі лічыў магчымай ужо на Марсе

член-карэспандэнт АН БССР В.Ф. Купрэвіч. У сувязі з меркаванымі далёкімі міжпланетнымі палётамі вядомы вучоны

дапусціў магчымасць спынення старэння клетак у выніку энергетычнага абмену з навакольным асяроддзем. Такім

чынам, арганізм чалавека меў усе перспектывы зрабіцца фактычна неўміручым [12, с. 3; 4].

Імклівае развіццё ракетнай тэхнікі справакавала навуковага супрацоўніка АН БССР Л.М. Тамільчыка на развагі

пра фатонную ракету, якая дазволіць здзейсніць падарожжа да Альфа Цэнтаўры і назад «усяго за адзін год» [13, с. 4].

Другі навуковец С.С. Бобаў маляваў прагнастычныя карціны хуткай каланізацыі найбліжэйшых планет: «Першыя

гарады будуць пабудаваны пад паверхняй Месяца, якая абароніць іх ад гарачыні і холаду, ад страты паветра і ўдараў

метэарытаў. Але гарады, відаць, можна будзе размяшчаць і на самой паверхні Месяца. Пад велізарнай празрыстай

чашай-купалам са спецыяльнай шматслойнай пластмасы размесцяцца навуковыя ўстановы, заводы, дамы, кінатэатры,

сады і аранжарэі. Жыхары такога горада будуць не толькі вырабляць усё неабходнае для жыцця на Месяцы, але і забяспечваць палівам і харчамі караблі далёкіх касмічных рэйсаў» [14, с. 23].

17 кастрычніка 1961 года ў дзень адкрыцця ХХІІ з’езда КПСС агенцтва друку «Навіны» звярнулася да грамадскасці

76 краін свету з прапановай напісаць, якім будзе свет праз дваццаць гадоў. У адказ у Маскву пайшла плыня лістоў,

найбольш важныя з якіх, з пункту гледжання агенцтва, друкавалі цэнтральныя і рэспубліканскія газеты. У «Советской Белоруссии» яны з’яўляліся пад агульнай рубрыкай «Сонца камунізму ўзыдзе над зямлёй!». Аўтарам аднаго з

падобных лістоў быў 27-гадовы кантралёр АТК Мінскага радыёзавода, студэнт-завочнік філасофскага факультэта

БДУ імя Леніна Міхаіл Лібінтаў. Ён бачыў уласнае жыццё пры камунізме наступным чынам: «20 гадоў – параўнальна

невялікі тэрмін, у мяне нават не пасівеў ні адзін з валасоў. Мне ўсяго 47 гадоў. Я ўжо абараніў кандыдацкую, а

магчыма, нават доктарскую дысертацыю. Яна прысвечана філасофіі, праблемам камунізму. Даўно пахаваныя словы „агрэсія“, „СЕАТА“, „СЕНТА“, „НАТА“ …Цікава, мая дачка і яе аднагодкі нават не ведаюць гэтых слоў. Але мне яны

вядомыя, хоць я і не хачу вяртацца да дрэнных успамінаў… Якраз сёння – яснае, сонечнае, „лётнае“ надвор’е, і мы

з сям’ёй сядаем у касмічны карабель і адпраўляемся на некалькі гадзін да берагоў Ціхага акіяна – адпачыць, пазагараць… Адпачыўшы на ціхаакіянскім узбярэжжы, мы ляцім назад. Вячэраем дома, у Мінску. Жонка збірае мае рэчы ў

невялікі чамаданчык – заўтра ў мяне сустрэча з маім англійскім калегам-філосафам, і я еду да яго ў Англію, у госці.

Навокал – цудоўнае жыццё, і крыху шкада, што табе ўжо 47 гадоў… Але нічога, здароўе дужае, паветра чыстае, яго

не атручвае радыеактыўны пыл. Сышлі ў паданні хваробы. Слова „рак“ стала архаізмам. Жыллёвая праблема ўжо

даўно вырашана. Пасля запісу ў ЗАГСе маладым адразу даюць ордэр на кватэру… Па радыё мы чуем мірныя песні,

займальныя нарысы і апавяданні. На мовах усяго свету. А вось і „Голас Амерыкі“ – не той, што 20 гадоў таму… Сёння

гэта голас працоўнага амерыканскага народа» [15, с. 2].

Як бачым, вобраз камуністычнай будучыні ў эксперта па якасці радыё- і тэлепрыёмнікаў быў моцна знітаваны

з балючымі праблемамі акаляючай яго рэальнасці. У лісце, як у люстэрку, адбіліся абмежаванні і неўладкаванасць

жыцця людзей у СССР – немагчымасць вольна падарожнічаць па свеце і атрымліваць інфармацыю з-за мяжы, пагроза

ядзернай катастрофы і нявырашанасць жыллёвай праблемы. Не забыўся аўтар паказаць уласны ўнёсак у пабудову

царства ўсеагульнага багацця, а менавіта, яго тэарэтычнае абгрунтаванне.

Неўзабаве камуністычны вобраз беларускай сталіцы намаляваў чытач часопіса «Беларусь» В. Метлін. Аўтар футурыстычнага нарыса, напісанага ў выглядзе экскурсіі па горадзе будучыні, здолеў прадбачыць многае з таго, што ўвасобілася

ў рэальным жыцці праз некалькі дзесяцігоддзяў. У прыватнасці, ён запрасіў будучых гасцей Мінска праехаць на метро,

аўтакарах (электрааўтобусах на акумулятарных батарэях), шматлікіх таксі не толькі па вуліцах, але таксама па мінскай

кальцавой дарозе. Акрамя таго, В. Метлін прадбачыў з’яўленне ў горадзе Чыжоўскага вадасховішча, вялікай колькасці

гатэляў, усеагульную тэлефанізацыю і іншае. Не спраўдзіліся спадзяванні аўтара ўбачыць у Мінску бясплатны грамадскі

транспарт, як і яго новыя віды кшталту верталётаў і катараў на падводных крылах. Да нерэалізаваных фрагментаў

ланшафта горада будучыні таксама адносіліся помнікі П.І. Чайкоўскаму ля Тэатра оперы і балета і С.В. Рахманінаву ля

Кансерваторыі, а таксама бюсты Л.М. Талстога і М.А. Някрасава, якія сведчылі б пра дэклараванае М.С. Хрушчовым

хуткае «збліжэнне нацый» [16, с. 5–6].

Павелічэнню колькасці падобных візіянераў, якія выступалі з уласнымі праектамі будучыні, спрыялі шматлікія

грамадскія дыскусіі, падчас якіх абмяркоўваліся дэталі жыцця ў камуністычным грамадстве. Менавіта гэтай тэме было

прысвечана першае пасяджэнне мінскага маладзёжнага дыскусійнага клуба, якое адбылося ў лістападзе 1962 года ў

Палацы прафсаюзаў [17, с. 2–3]. Арганізатары вечарыны ў Пінскім гарадскім доме культуры, прысвечанай 40-годдзю

Кастрычніцкай рэвалюцыі, прапанавалі яе ўдзельнікам перанесціся на 40 гадоў наперад, у 1997 год: «А 8-й гадзіне

вечара шматлікі атрад падарожнікаў заняў месцы ў каюце імправізаванага карабля „Будучыня“. Аддадзены швартовы… Слухачы зрабіліся сведкамі ўтаймавання глыбінных стыхій, планет і пуска ўстаноўкі, якая выкарыстоўвае

падземнае цяпло, назіралі запуск фатоннай ракеты, хуткасць якой набліжаецца да 300 тыс. кіламетраў у секунду.

Ляцелі самалётам, рухавік якога бярэ паліва з атмасферы, назіралі атрыманне штучнага бялка і жывой клеткі,

кіравалі тэрмаядзернымі рэакцыямі, высаджваліся на планеты сонечнай і іншых сістэм» [18, с. 1]. Газета «Знамя

юности» тлумачыла на сваіх старонках чытачам, чым камунізм будзе адрознівацца ад першабытна-абшчыннага

ладу [19, с. 4].

Рэзкая крытыка савецкага жыллёвага будаўніцтва ў знакамітай прамове М.С. Хрушчова на Усесаюзнай нарадзе

будаўнікоў і архітэктараў у снежні 1954 года распачала рэформу ў савецкім горадабудаўніцтве. У межах выканання

шостай пяцігодкі (1956–1960) у БССР трэба было пабудаваць больш за 5 млн квадратных метраў жыллёвай плошчы, гэта

значыць, удвая больш, чым у пятай пяцігодцы. Новыя дамы, якія неўзабаве атрымалі пагардлівую назву «хрушчоўкі»,

былі максімальна простыя, танныя і функцыянальныя, будаваліся паводле тыповых праектаў і, часцей за ўсё, мелі

пяць паверхаў.

Пасля ўнясення ў праграму партыі 1961 года пункта пра задавальненне пры камунізме запатрабавання савецкіх

людзей у добраўпарадкаваным жытле, асноўным напрамкам савецкай дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльнай сферы

стала рэалізацыя на практыцы прынцыпу «сям’і – кватэру». Меркавалася, што да 1980 года кожная сям’я ў СССР будзе

пражываць на асобнай жылплошчы. Дзеля вырашэння гэтай няпростай задачы спатрэбілася не толькі выпрацоўка

новай жыллёвай палітыкі, але і змена арыенціраў у горадабудаўніцтве і архітэктуры.

У 1963 годзе Белдзяржпраект, Мінскпраект, а таксама

Інстытут будаўніцтва і архітэктуры АН БССР распрацавалі сумесны праект мікрараёна будучыні, які складаўся з населеных

4–5 тыс. чалавек дзевяціпавярховікаў з уласным жыллёвабытавым комплексам. Да 40 % тэрыторыі мікрараёна займалі

зялёныя насаджэнні. Па зашклёных пераходах, якія звязвалі

дамы, можна было трапіць у грамадскую сталовую-кавярню,

дзе за кожнай сям’ёй быў замацаваны столік. У мікрараёне

таксама планаваліся клуб, спартзал, пральня, пункт пракату спортінвентару і памяшканні, дзе можна было пакінуць

пад наглядам маленькіх дзетак. Адзінай крыніцай энергіі

ў дамах была электрычнасць, якой харчаваліся асвятляльныя прыборы, убудаваныя ў сцены кухонныя агрэгаты,

цэнтралізаваныя кандыцыянеры, вакуумныя і халадзільныя

ўстаноўкі. На думку аўтараў праекта, жыццё ў падобных дамах

будзе выхоўваць у людзей пачуццё калектывізму, пазбаўленыя

ад цяжару бытавых спраў, яны змогуць больш часу аддаваць

навукам, мастацтву, спорту і, канешне, грамадска-карыснай

працы [20, с. 4].

Рэалізуючы апісаны Леніным у працы «Дзяржава і рэвалюцыя» сцэнар адмірання сацыялістычнай дзяржавы разам з

яе сістэмай кантролю за размеркаваннем даброт, кіраўніцта

Савецкай Беларусі распачало ўкараненне камуністычнага

прынцыпу «ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбах». Найбольш уражвала адмена дзяржаўнага кантролю за

выдачай заробку, што пераканаўча сведчыла аб набліжэнні найвышэйшай фазы камуністычнага грамадства. Так, у

дзень выдачы зарплаты ў кастрычніку 1960 года рабочыя аднаго з цэхаў Мінскага трактарнага завода замест касіра

ўбачылі стол, на якім ляжала ведамасць, а побач з ёй – стосы грошай. Паводле слоў карэспандэнта газеты «Советская

Белоруссия», адсутнасць касіра не ўнесла дэзарганізацыю ў працэс атрымання грошай – «рабочыя падыходзілі да

стала, распісваліся ў ведамасці і бралі належную ім суму грошаў» [21, с. 4].

Неўзабаве ініцыятыва сталічных трактарабудаўнікоў была заўважана ў рэгіёнах. Вось, напрыклад, якую ідылічную

карціну дня заробку ў механічных майстэрнях Слонімскай папяровай фабрыкі «Альберцін» намаляваў відавочца: «Сяргей Асташкін доўгі час атрымліваў зарплату для калектыву рамонтнікаў і раздаваў яе. Але вось нядаўна ён прыйшоў

у цэх і паклаў грошы на стол. „Сёння, таварышы, будзеце атрымліваць зарплату самі“, – усміхаючыся абвясціў ён і

пайшоў. Каса засталася без касіра. Рабочыя пераглянуліся і пачалі атрымліваць зарплату. Арганізавана, адзін за адным

падыходзілі яны да стала, распісваліся ў ведамасці, а затым адлічвалі належныя ім грошы. Касіру заставалася толькі

аднесці ведамасць у бухгалтэрыю» [22, с. 4].

«Жыць і працаваць па-камуністычнаму» вырашылі на сваім агульным сходзе члены калгаса «Рассвет» Кіраўскага

раёна, якім кіраваў вядомы гаспадарчы дзеяч К.П. Арлоўскі. У якасці найважнейшых умоў пабудовы камуністычнага

жыцця калгаснікі разумелі не толькі надыход матэрыяльнага дабрабыту (большасць з іх мела добрую мэблю, новую бытавую тэхніку, уласныя сродкі транспарату, у тым ліку 10 легкавікоў), але засваенне «новай камуністычнай

маралі», пераадоленне антаганізму паміж паняццямі «свае» і «наша». Пра гэта сведчыла скасаванне ў 1960 годзе пасад

вартаўнікоў у калгасе «Рассвет» [23, с. 2].

На Бабруйскім вінзаводзе барацьбіты з рынкавым спосабам размеркавання не абмежаваліся скасаваннем пасады касіра і з лютага 1962 года адкрылі буфеты без прадаўцоў непасрэдна ў цэхах. У абедзенны перапынак рабочыя

бралі ў буфетах прадукты і клалі грошы за іх у скрыню з надпісам «Тут каса». Скрыня не замыкалася [24, с. 4]. Улетку

1962 года на жывёлагадоўчых фермах і ў паляводчых брыгадах Брэсцкай вобласці адкрылі каля 200 ларкоў без

прадаўцоў. Тады ж у сетцы грамадскага харчавання вобласці больш за 100 сталовак было пераведзена на самаабслугоўванне [25, с. 4].

У лістападзе 1960 года адмену кантроля за аплатай праезду ў гарадскім транспарце заўважылі жыхары сталіцы.

Гарадскі парк арганізаваў рух аўтобусаў без кандуктара. Пры ўваходзе ў салон кожны пасажыр апускаў у адну з кас

40 капеек і затым адрываў ад рулона па рамцы сабе білет. Пасля набыцця яго неабходна было паказаць пасажырам

або кіроўцу [26, с. 4]. У наступным годзе падобная практыка распаўсюдзілася на мінскія тралейбусы і трамваі.

Прыкметы новага жыцця з’яўляліся не толькі на вытворчасці і ў сферы паслуг, але і ва ўстановах культуры. У 1960 годзе былі зроблены спробы скасаваць кантроль у шэрагу кінатэатраў рэспублікі. Набыўшы квіткі, гледачы самі адрывалі

яго кантрольную часку, пасля чаго апускалі яе ў адмысловую скрыню [27, с. 4]. У саўгасе «Ваўкавыскі» Ваўкавыскага раёна

адкрылася «бібліятэка камуністычнага абслугоўвання», у якой «чэсна і культурна» распараджаўся сам чытач [28, с. 4].

Працаўнік нараўлянскага райвыканкама, бібліяфіл А.А. Дубоўскі адкрыў для ўсіх жадаючых уласную біблятэку, якая

складалася з больш за 4 тыс. тамоў [29, с. 4]. А педагогі Баранавіцкай музычнай школы «на камуністычных пачатках»

арганізавалі народную музычную школу з класамі фартэпіяна, скрыпкі і акардэона [30, с. 4].

Практыка індустрыяльнага домабудаўніцтва, якая не прадугледжвала добраўладкавання дваровых тэрыторый, нарадзіла на пачатку 1960-х гадоў рух жыхароў «хрушчовак» беларускіх гарадоў за ганаровае званне «дамоў

камуністычнага быту». З’явіліся энтузіясты, пад кіраўніцтвам якіх навасёлы ў вольны ад працы час разбівалі клумбы,

саджалі дрэвы і нават пракладалі асфальт да ўласных пад’ездаў. Адным з першых у беларускай сталіцы званне «дома

камуністычнага быту» атрымаў дом № 128 на вуліцы Р. Люксембург [31, с. 4]. У Полацку ў 1962 годзе паўсталі «вулічныя

камітэты», якія дапамагалі гарвыканкаму ў добраўладкаванні дваравых тэрыторый і тратуараў. У наступным годзе

рабочыя прамысловых прадпрыемстваў і будоўляў Мінска на грамадскіх пачатках абсталявалі пляцоўку (кола агляду,

атракцыёны, летні басейн) у дзіцячым парку імя Горкага [32, с. 4].

Адной з найбольш важных перадумоў пабудовы новага камуністычнага быту з’яўляўся пераход ад традыцыйных

формаў гатавання ежы на індывідуальнай кухні да грамадскага харчавання. Перавод харчавання на прамысловы

падмурак павінен быў забяспечыць будаўнікоў камуністычнага грамадства каларыйнай, таннай, тэхналагічнай ежай,

а таксама канчаткова вызваліць жанчыну ад кухоннага рабства. Кіраўніцтва краіны паставіла перад сабою сапраўды

маштабную задачу, бо ў сярэдзіне 1950-х гадоў паслугамі 3400 сталовак, кафэ, рэстаранаў і чайных, што меліся ў

рэспубліцы, карысталася не болей за 10 % насельніцтва БССР [33, с. 1]. Большасці з іх былі ўласцівы вузкі асартымент,

нізкая якасць страў, а таксама прымітыўная культура абслугоўвання.

1 сакавіка 1956 года з’явілася пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб мерапрыемствах па паляпшэнню

працы прадпрыемстваў грамадскага харчавання». Яго непасрэдным вынікам было адкрыццё ў Мінску на працягу

двух гадоў каля 150 сталовак, закусачных, буфетаў, кафэ, рэстаранаў, якія штодня наведвала больш як 150 тыс. чалавек [34, с. 3]. У сакавіку 1959 года ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР зацвердзілі пералік мерапрыемстваў па выкананні

прынятай 20 лютага таго ж года пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб далейшым развіцці і паляпшэнні

грамадскага харчавання». У адпаведнасці з гэтым дакументам на працягу сямігодкі (1959–1965) сетка грамадскага

харчавання БССР павінна была павялічыцца на 2,5 тыс. прадпрыемстваў з агульнай колькасцю 113 тыс. пасадачных

месцаў. Найвялікшая ўвага надавалася развіццю самаабслугоўвання ў выглядзе буфетаў без прадаўцоў, дамавых

кухняў, крамаў паўфабрыкатаў, а таксама грамадскаму кантролю, у чым бачыліся парасткі камуністычнага прынцыпу спажывання. На працягу 1959 года колькасць сталовак самаабслугоўвання ў рэспубліцы павялічылася з 46 да

133 [35, арк. 182–183].

Яскравай тэхнічнай навінай разглядаемага часу зрабіліся аўтаматы па продажы прадуктаў і тавараў. Ва ўяўленні

М.С. Хрушчова вендынг быў адным з тэхналагічных сімвалаў камунізму. Акрамя таго, ён вызваляў дадатковыя працоўныя

рукі для вытворчасці, ліквідаваў у раздробненым гандлі хамства і крадзяжы. Сямігадовы план развіцця народнай

гаспадаркі БССР прадугледжваў адкрыццё ў рэспубліцы 500 гандлёвых аўтаматаў, сем закусачных-аўтаматаў і дзевяць

крамаў-аўтаматаў [36, с. 2]. Найбольш распаўсюджанымі з іх былі аўтаматы, што выдавалі газаваную ваду. Акрамя іх,

дзейнічалі аўтаматы па продажы кавы, марозіва, піва, віна, цыгарэт, газет, музычныя аўтаматы, фотакабіны. Першая ў

рэспубліцы закусачная «Аўтамат» адкрылася ў лістападзе 1957 года ў цокальным паверсе жылога дома на сталічнай

Круглай плошчы. У двух залах закусачнай былі ўсталяваны аўтаматы па продажы кавы, малака, піва, халодных закусак, кандытарскіх вырабаў. Наведвальнікі самастойна выбіралі ежу і напоі, аплочваючы іх адмысловымі жэтонамі,

якія набывалі ў касіраў [37, с. 4].

Пасля зняцця ў 1964 годзе М.С. Хрушчова з пасады першага сакратара ЦК КПСС пачалося паступовае згортванне публічнай рыторыкі пра пабудову камуністычнага грамадства ў агляднай будучыні. Выступаючы на ўрачыстым пасяджэнні ў Палацы з’ездаў з нагоды 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Л.І. Брэжнеў упершыню загаварыў пра

развіты сацыялізм, які ўяўляў своеасаблівы кампраміс паміж партыйнай праграмай і рэчаіснасцю. Камунізм, на які

замахнуліся ўсяго шэсць гадоў таму, пабудаваць у сціслыя тэрміны больш не абяцалі. «Развіты сацыялізм як прамежкавая стадыя перад надыходам камунізму будзе досыць працяглым», – папярэджвалі партыйныя ідэолагі.

1. Пашкевич, о.Н. Мы строим коммунизм / о.Н. Пашкевич, с.И. Лукашевич. – Минск: Изд-во АН Бсср, 1962. – 199 с.

2. Хадановіч, і. Камуністычная містэрыя. Новы год праз дваццаць год / і. Хадановіч // Чырвоная змена. – 1962. – 1 студз.

3. Караткевіч, У. спадарожніку Зямлі / У. Караткевіч // Полымя. – 1957. – № 12.

4. Бярозка. – 1959. – № 10.

5. Вольскі, А. Калумбы / А. Вольскі // Бярозка. – 1960. – №. 6.

6. Барадулін, р. Адказ няпрошаным сваякам касманаўта / р. Барадулін // Вожык. – 1961. – № 9.

7. Знамя юности. – 1963. – 16 июня.

8. Гомолко, Н. За великую трассу / Н. Гомолко. – Минск: Госучпедгиз Бсср, 1956. – 223 с.

9. Гомолко, Н. Заглянем в будущее / Н. Гомолко // сталинская молодежь. – 1955. – 1 янв.

10. Шыцік, Ул. Зорны камень / Ул. Шыцік. – Минск: Беларусь, 1967. – 208 с.

11. Зарыцкі, А. Вяртанне на Зямлю / А. Зарыцкі // Полымя. – 1964. – № 8.

12. тайны жизни и смерти // Знамя юности. – 1962. – 26 янв.; 28 янв.

13. томильчик, Л. Межпланетные корабли будущего / Л. томильчик // Знамя юности. – 1959. – 2 апр.

14. Бобаў, с. Чалавек на Месяцы / с. Бобаў // Бярозка. – 1960. – № 2.

15. Либинтов, М. Жить хорошо! / М. Либинтов // советская Белоруссия. – 1962. – 23 марта.

16. Метлін, В. Экскурсія ў будучыню / В. Метлін // Беларусь. – 1962. – № 10.

17. Клябанаў, Г. Клуб «Мінскі маладзёжны» / Г. Клябанаў, Б. Петрык // Чырвоная змена. – 1962. – 13 ліст.

18. сердюк, Л. Путешествие в будущее / Л. сердюк // Знамя юности. – 1958. – 1 янв.

19. Хромов, р. Будет ли государство при коммунизме / р. Хромов // Знамя юности. – 1957. – 21 мая.

20. сурский, о. Наш дом сегодня и завтра / о. сурский // Знамя юности. – 1963. – 15 сент.

21. Черты нового // советская Белоруссия. – 1960. – 6 окт.

22. Касса… без кассира // советская Белоруссия. – 1960. – 20 нояб.

23. язылец, Н. Приметы завтрашнего дня / Н. язылец, я. рывкин, М. Капельчик // советская Белоруссия. – 1960. – 1 нояб.

24. Капельчик, М. Буфеты без продавцов / М. Капельчик // советская Белоруссия. – 1962. – 4 июля.

25. Прогрессивные формы торговли // советская Белоруссия. – 1962. – 19 июля.

26. советская Белоруссия. – 1960. – 12 нояб.

27. Без контролеров // советская Белоруссия. – 1960. – 1 нояб.

28. На коммунистических началах // советская Белоруссия. – 1962. – 22 сент.

29. Личная библиотека для всех // советская Белоруссия. – 1962. – 24 янв.

30. Проволович, Г. Народная музыкальная школа / Г. Проволович // советская Белоруссия. – 1963. – 28 мая.

31. Крок, Э. За коммунистический быт / Э. Крок // советская Белоруссия. – 1963. – 11 янв.

32. Зовут зеленые просторы // советская Белоруссия. – 1963. – 9 июня.

33. республиканское совещание по общественному питанию // советская Белоруссия. – 1957. – 24 мая.

34. о сладких речах и кислых щах // советская Белоруссия. – 1958. – 26 марта.

35. Нацыянальны архіў рэспублікі Беларусь (НАрБ). – Ф. 4п. – Воп. 62. – спр. 504.

36. Шавров, А. Итоги и перспективы развития торговли республики / А. Шавров // советская Белоруссия. – 1958. – 21 окт.

37. Закусочная «Автомат» // советская Белоруссия. – 1957. – 3 нояб.

***

Артыкул паступіў у рэдакцыю 31.03.2021 г.

[ Г і с то р ы я ]

Навукова думка (Мінск) № 12 • 2021 с. 65―72

ГУЖАЛОЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч.

Нарадзіўся ў Мінску ў 1960 годзе. Скончыў Мінскі дзяржаўны

педагагічны інстытут імя М. Горкага (1983), аспірантуру Аддзела

музеязнаўства Навукова-даследчага інстытута культуры Акадэміі навук

СССР (1991).

Працаваў на розных пасадах у Беларускім дзяржаўным музеі

Вялікай Айчыннай вайны, у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. З 2004 года – прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі

мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Доктар гістарычных навук (2002), прафесар (2016).

Аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку пяці манаграфій і

чатырох навучальных дапаможнікаў.

Сфера навуковых інтарэсаў: найноўшая гісторыя Беларусі,

музеязнаўства.




Файлы: 000167_961268.pdf (301 Кб)


55
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх