Пісьменнік эсперантыст


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Пісьменнік, эсперантыст, медыум і "геніяльны дзед" Янка Маўр
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Пісьменнік, эсперантыст, медыум і «геніяльны дзед» Янка Маўр

Статья написана 4 августа 2021 г. 19:23

Янка Маўр з членамі сям’і. 1955 год

10 мая 2018 г. спаўняецца 135 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Маўра. Аб тым, чаму пісьменнік вырашыў пісаць для дзяцей, як на яго светапогляд паўплывала вучэнне Дарвіна, пры якіх абставінах ён пазнаёміўся, а потым і парадніўся з Якубам Коласам і як выкарыстоўваў веданне дзіцячай псіхалогіі пры выхаванні сваіх сыноў і дачок, парталу www.interfax.by расказала праўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч.

– Васіліна, Ваш прадзед – вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр. Ці ведаеце Вы, як ён прыйшоў у літаратуру? Чаму вырашыў стаць менавіта дзіцячым пісьменнікам?

– Янку Маўра (Івана Міхайлавіча Фёдарава) ведаюць як беларускага дзіцячага пісьменніка, але ён пісаў і для дарослых, яго публіцыстыка друкавалася ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», вострыя фельетоны ў «Вожыку». Але большая частка яго творчасці – гэта творы для дзяцей і юнакоў. Чаму ён выбраў дзіцячую літаратуру? Напэўна, таму, што быў настаўнікам пачатковай школы, выкладаў гісторыю і геаграфію ў старэйшых класах і адчуваў патрэбу ў такой літаратуры. У той час не было інтэрнэта і тэлебачання, да і кніг для дзяцей не хапала. На сваіх уроках мой прадзед выкарыстоўваў успаміны вядомых падарожнікаў, звесткі з розных энцыклапедычных выданняў, цікавыя матэрыялы, якія друкаваліся ў часопісах, такіх як «Вакол свету». Па рэакцыі вучняў бачыў, з якой зацікаўленасцю яны ўспрымалі яго расказы. Гэта і вызначыла змест, а таксама да некаторай ступені і форму першых кніг пісьменніка Янкі Маўра – аповесцей «Чалавек ідзе» і «У краіне райскай птушкі».

Мала хто ведае, што Янка Маўр пераклаў на беларускую мову «Прыгоды Тома Сойера» Марка Твэна, некаторыя казкі Ганса Хрысціяна Андэрсана, творы Рэдзьярда Кіплінга, Жуля Верна.

Да дзіцячай літаратуры Янка Маўр ставіўся вельмі сур’ёзна, бо маленькі чытач – самы патрабавальны і ўважлівы, часам знаходзіць недакладнасці і памылкі, на якія не звяртаюць увагі дарослыя. Ды і пісаць трэба так, каб усё было зразумела і ясна. Таму Янка Маўр вельмі перажываў, калі ў яго час да дзіцячай літаратуры ставіліся як да дадатковай, разглядалі як дапаўненне да літаратуры для дарослых.

Іван Фёдараў – малады настаўнік

– Янку Маўра адлічылі з настаўніцкай семінарыі. Што гэта за гісторыя?

– У Панявежскую настаўніцкую семінарыю прадзед паступіў у 1899 годзе, да гэтага ён быў выхаванцам Ковенскага рамеснага вучылішча. У час навучання там склаліся гурткі дапытлівых хлопцаў, якія цікавіліся рознымі пытаннямі, калектыўна іх абмяркоўвалі, захапляліся кнігамі, якія здабывалі з немалымі цяжкасцямі. Паступова Янка Маўр адкрыў для сябе Тургенева, Горкага, Буніна, Купрына і іншых рускіх пісьменнікаў, пазнаёміўся з навуковымі выданнямі, артыкуламі Чарльза Дарвіна. Ідэя вучонага аб тым, што ўсё на свеце змяняецца і развіваецца само сабой, па законах прыроды, без удзелу бога, урэзалася прадзеду ў памяць на ўсё жыццё.

Менавіта з прыняцця самастойных рашэнняў у хлопцаў фарміраваліся крытычныя падыходы як да ідэалогіі, рэлігіі, так і да сацыяльных праблем. У разважаннях і спрэчках у вучняў выпрацаваўся свой, адзіны, універсальны закон «Рабі ўсё, што хочаш, абы толькі ад гэтага нікому шкоды не было». Напэўна, аўтарам гэтага закона быў Янка Фёдараў, таму што ён падрабязна падводзіў пад яго свае ўспаміны.

Значнае месца ў выхаванні займалі малітвы і вывучэнне «закону божага». Янка Маўр падлічыў, што за ўвесь час вучобы ў вучылішчы гэтыя малітвы выхаванцы праслухалі па шэсць тысяч разоў. Пры такой дакучлівай рэлігійнай прапагандзе некаторыя вучні станавіліся «бязбожнікамі», да якіх адносіў сябе і Янка Фёдараў. Невыпадкова адным з цікавых твораў Янкі Маўра стала казка «Падарожжа ў пекла».

У настаўніцкай семінарыі Янка больш свядома ставіцца да сацыяльных пытанняў, знаёміцца з нелегальнай літаратурай. У семінарыі былі нашмат лепшыя ўмовы для вучобы, дзяржаўнае забеспячэнне, але давучыцца Янку не прышлося, ён быў выключаны за паўгода да заканчэння апошняга курса. У сваёй аўтабіяграфіі Янка Маўр адзначаў: «Вскоре поп заметил, что я не оправдываю надежд, даже испортился окончательно, – и погнал меня из семинарии «аки блудного сына» . Янка зняў пакой і пачаў зарабляць прыватнымі ўрокамі. Адначасова займаўся самаадукацыяй і рыхтаваўся да экзаменаў. У 1903 годзе здаў экстэрнам экзамены за семінарскі курс, атрымаў пасведчанне настаўніка пачатковай школы і быў накіраваны на работу ў якасці памочніка настаўніка ў мястэчка Новае Месца пад Панявежай. Праз год-другі працы ён трапіў у спісы «неблаганадзейных» і ў пачатку 1906 года быў пераведзены ў сяло Бытча, каля Барысава, Мінскай губерніі.

Іван Фёдараў. 1903 год

– Як пазнаёміліся Янка Маўр і другі Ваш прадзед Якуб Колас? Дзе адбылася іх першая сустрэча? Ці сталі яны сябрамі?

– У 1906 годзе Янка Маўр прыняў удзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе, які адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына, дзе і сустрэўся з Якубам Коласам. Да гэтага часу яны былі знаёмы завочна, у іх былі агульныя знаёмыя. З’езд быў выкрыты паліцыяй, яго ўдзельнікі аддадзены пад суд. Судовая справа цягнулася амаль два гады. Івана Фёдарава да педагагічнай працы не дапусцілі і ўзялі пад нагляд паліцыі. А Якуба Коласа Віленская судовая палата асудзіла на тры гады турэмнага зняволення.

Настаўніцкі з'езд стаў самай яркай падзеяй ў дакастрычніцкай біяграфіі Івана Фёдарава. Удзельнікі з’езда падтрымлівалі добрыя адносіны і пасля. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ёсць фотаздымак 1926 года, які сведчыць аб сустрэчы настаўнікаў – удзельнікаў нелегальнага з’езда праз 20 год пасля яго. Настаўніцкаму з’езду Янка Маўр прысвяціў артыкулы «Сорак гадоў назад» і «Як я пазнаёміўся з Якубам Коласам». Сваю ролю ў гэтай падзеі ён лічыў вельмі сціплай. Нелегальны настаўніцкі з’езд знайшоў сваё адлюстраванне і ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». Прататыпам аднаго з герояў – Івана Тадорыка, чалавека з «выдатнымі здольнасцямі», – быў Іван Фёдараў.

Удзельнікі нелегальнага з’езда

З тых часоў паміж прадзедамі завязалася сяброўства, якое яны пранеслі праз усё жыццё. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас перажываў цяжкія гады эвакуацыі ў Ташкенце, Янка Маўр – у Алма-Аце. У лістах пісьменнікі дзяліліся сваімі перажываннямі, творчымі планамі, марамі, радасцямі і горам. Якуб Колас падтрымліваў Янку Маўра не толькі маральна, але і матэрыяльна. Так, ён выслаў яму грошы, якія патрабавалі за навучанне малодшай дачкі Янкі Маўра – Наталлі. Пасля вайны яна стала нявесткай Якуба Коласа, бо ўзяла шлюб з яго малодшым сынам Міхасём. Такім чынам Якуб Колас і Янка Маўр парадніліся. Свайму свату Якуб Колас прысвяціў жартоўны верш.

Майму Свату

Дай, Божа, прыбытку, дабра майму свату,

Няхай ідзе радасць у яго хату.

Няхай будзе ліху яго безгалоўе,

А я за сватава вып’ю здароўе

Кульну сабе чарку і... маўчок...

Дык дзякуй жа, сваце, за каньячок!

Якуб Колас і Янка Маўр з агульным унукам Сяргеем

– Крытыкі адзначаюць, што Янка Маўр добра ведаў дзіцячую псіхалогію. Ці выкарыстоўваў ён гэтыя веды пры выхаванні сваіх дзяцей?

– Янка Маўр скончыў настаўніцкую семінарыю, працаваў памочнікам настаўніка, настаўнікам у школе, хатнім настаўнікам у шматдзетнай сям’і. Ды і ў яго самога было два сыны і дзве дачкі. Таму ён добра разумеў дзяцей, адчуваў іх патрэбы, падтрымліваў захапленні. Мая бабуля, малодшая дачка Янкі Маўра, ўспамінала: «Калі я крыху падрасла, то ўспрымала бацьку як вядомага і любімага моладдзю пісьменніка. Ён быў шырока эрудыраваным і мудрым чалавекам. Да яго з рознымі пытаннямі звярталіся не толькі я і мае сяброўкі, але і знаёмыя людзі. Мне прыпамінаецца такая забаўная гісторыя. У наш клас прыйшла новая дзяўчынка – Іра, якая часта выхвалялася, што яе бацька – самы разумны, а маці – самая прыгожая. І яна так надакучыла маім сяброўкам, што яны прыдумалі, як яе ўрэзоніць. Яны сказалі, што не вераць, што яе бацька самы разумны з бацькоў і што мой бацька разумнейшы за яе бацьку. Гэта можна даказаць. Ірына спрачалася, і тады дзяўчаты прапанавалі правесці конкурс бацькоў, і тая пагадзілася. Дзяўчаты падрыхтавалі некалькі пытанняў, на якія канкурсанты павінны былі даць адказы. А па адказах вызначыць, хто ёсць хто. Спачатку дзяўчаты пайшлі да Ірынінага бацькі і папрасілі адказаць на пытанні. На першае пытанне той нешта адказаў, а па другіх – параіў звярнуцца да настаўнікаў. Іра засмуцілася, але разам з усімі пайшла да майго бацькі. А ён, нічога не ведаючы пра конкурс, вельмі добра, зразумела адказаў на ўсе пытанні. Як-ніяк настаўніцкая шматгадовая праца сказалася. І Ірыне нічога не заставалася, як прызнаць сваю паразу. Але яна па-ранейшаму настойвала, што яе маці прыгажэйшая за другіх мам. Конкурса красы дзяўчаты праводзіць не сталі. На тым усё заспакоілася. Калі ж бацька даведаўся аб удзеле ў конкурсе, вельмі смяяўся. І сказаў: калі б ён ведаў пра гэты эксперымент-экзамен, то расказаў бы болей і лепш».

Наталля Фёдарава (другі рад, чацвёртая злева) з сяброўкамі-аднакласніцамі. Мінск. 1941 год

Янка Маўр вучыў дзяцей любові да кніг, а таксама да сімфанічнай і опернай музыкі. Сам ён выдатна іграў на скрыпцы, дзеці вучыліся іграць на фартэпьяна.

Скрыпка Янкі Маўра

Мая бабуля расказвала, што Янка Маўр вучыў яе назіральнасці, вучыў адразу выпраўляць заўважаныя непарадкі. Напрыклад, ён казаў: ідзеш па дарожцы і бачыш на ёй камень. Скінь яго, бо нехта другі можа яго не заўважыць і спатыкнуцца. Дома бачыш: ляжыць на падлозе кніга, газета, якая іншая рэч – падымі і пакладзі на месца. Пахінулася на сцяне карціна – папраў. Ён падкрэсліваў: каб выправіць гэтыя дробязі, трэба зусім мала часу. Проста трэба заўважаць непарадкі.

А вось яшчэ адна цікавая гісторыя з успамінаў маёй бабулі. Яе брат, старэйшы сын Янкі Маўра Фёдар, быў вельмі здольным хлопцам, але многа часу праводзіў з сябрамі, а вучобу зусім закінуў. І бацька прапанаваў юнаку два варыянты: альбо ён застанецца ў сям’і і будзе добра вучыцца, альбо пойдзе жыць самастойна. Фёдару цяжка было разлучыцца з сябрамі, і ён вырашыў сысці. Янка Маўр дапамог скласці нешматлікія рэчы і развітаўся з ім. Фёдар выйшаў на вуліцу і спыніўся, не ведаючы, куды ісці. Ён задумаўся і ў рэшце рэшт вырашыў вярнуцца ў сям’ю, да бацькі, якога любіў. Вярнуўся і даў слова, што будзе добра вучыцца. На гэта Янка Маўр і разлічваў. Фёдар стрымаў сваё слова і многага дасягнуў. Скончыў універсітэт, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, стаў вядомым фізікам-тэарэтыкам, быў абраны ў правадзейныя члены Акадэміі навук БССР, атрымаў Дзяржаўныя прэміі БССР і СССР. Ён заўсёды лічыў, што сваімі поспехамі абавязаны бацьку.

Малодшыя брат і сястра Фёдара Арсень і Шура гулялі разам, але і часта сварыліся. І тады беглі да бацькі са скаргамі, а Янка Маўр казаў ім, каб свае справы яны вырашалі самастойна, а не жаліліся адзін на аднаго. Ён садзіў іх па розныя бакі канапы і загадваў сядзець ціха і не замінаць яму працаваць. І абяцаў адпусціць, як толькі яны памірацца. Спачатку дзеці надзімаліся, а калі надакучвала ціха сядзець на канапе, мірыліся, і Янка Маўр іх адпускаў. Задаволеныя, яны беглі гуляць зноў.

– Васіліна, якія свае творы Янка Маўр лічыў галоўнымі і чаму?

– Цяжка адказаць за Янку Маўра, якія са сваіх твораў ён лічыў важнейшымі. Але мне ўяўляецца, што гэта «Шлях з цемры», «У краіне райскай птушкі», «Амок», «Палескія рабінзоны», «Слёзы Тубі», «ТВТ». Менавіта ў гэтых творах адлюстраваны найбольш сур’ёзныя пытанні жыцця, падзеі, перажыванні. Мне было асабліва цікава чытаць аповесць «Шлях з цемры», бо яна мае аўтабіяграфічную аснову. З гэтай кнігі можна даведацца аб тым, праз якія цяжкасці давялося прайсці Янку Маўру ў дзіцячыя і юнацкія гады і як дзякуючы клопату маці, яе непахіснаму жаданню вывесці сына ў «людзі», ён здолеў атрымаць адукацыю, палюбіў кнігі.

У 1934 годзе на Усебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі Янка Маўр атрымаў першую прэмію за аповесць «ТВТ». Прадзед успамінаў, што адным з першых чытачоў быў Янка Купала. Ён не раз казаў, што пасля таго, як прачытаў «ТВТ», стаў глядзець навокал іншымі вачамі – як бы шукаючы, што можна падправіць. Пасля выдання «ТВТ» у многіх беларускіх гарадах пачалі стыхійна стварацца арганізацыі тэвэтэтаўцаў. Аднак на рускай мове кніга выйшла толькі праз 22 гады. У 1953 годзе ў лісце да ленінградскага перакладчыка А.Тонкеля Янка Маўр пісаў: «У нас книга издавалась много раз, но для русского издания она не подходила как идейно порочная. Ибо ни в каких инструкциях не сказано, что такие «организации», как ТВТ, могут существовать. Да и сама идея напоминает Тимуровскую. А “ТВТ” написана за 4 года до Гайдара. Лет пять тому назад в Бресте и ближайших городах в широком масштабе «вспыхнуло» движение ТВТ. Общественность обратила на него внимание и приветствовала его. Брестский горсовет вызвал к себе руководителей, обещал помочь. Я получил «с фронта» интереснейшие письма. Но опасность своевременно была замечена руководством комсомола (Москва, Минск) и пресечена в корне. Вот почему я не верю, что Вам удастся протащить зловредную книгу».

Прадзеду было цікава даведацца, ці чытаюць яго кнігі, ці папулярны яны сярод дзяцей і юнакоў. Аб гэтым ён аднойчы запытаў бібліятэкараў. Яны «пад сакрэтам» расказалі: кнігі Янкі Маўра карыстаюцца вялікім попытам. Але ні ў выступленнях, ні ў газетах аб гэтым, на жаль, не было ні слова – там прыводзіліся толькі імёны па рангу.

– Янка Маўр пісаў аб далёкіх экзатычных странах, але ніколі ў іх не быў. Ці любіў ён падарожнічаць?

– Дзякуючы сваім ведам, Янка Маўр з такой дакладнасцю апісваў экзатычныя краіны, што нават іх жыхары і падарожнікі не верылі, што ён там ніколі не быў. Яшчэ ў юнацкія гады прадзед марыў пабачыць свет, праплысці на лодцы па найвялікшых рэках зямлі, распрацаваў маршрут і зрабіў сабе непрамакальны сшытак для запісаў. Але ажыццявіць гэтыя мары было немагчыма. Тым не менш, на першыя заробкі настаўніка ён купіў ровар і вандраваў па дарогах роднага краю. Жаданне падарожнічаць было ў Янкі Маўра на працягу ўсяго жыцця. Так, мая бабуля Наталля ў сваіх успамінах «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа» адзначала: «З малых гадоў засталіся ўспаміны пра нашыя падарожжы. Калі бацька атрымлiваў ганарары за свае кнігі, то лічыў больш карысным патраціць іх на падарожжы, чым на якія-небудзь рэчы. Запомнілася адна з першых паездак у Башкірыю, на кумыс... Калі мне было пяць гадкоў, бацька павёз нас у Крым. На наступны год бацька звазіў нас у Ленінград, мы пабывалі ў шэрагу музеяў, наведалі Пецяргоф з яго цудоўнымі фантанамі. Пасля ён арганізаваў нам захапляльнае падарожжа ў Адэсу на цеплаходзе па Дняпры з Гомеля».

Янка Маўр з жонкай Стэфанідай Аляксандраўнай, дочкамі Аляксандрай і Наталляй і сынам Арсенем. Пецяргоф.1933 год

– Чаму Янка Маўр пачаў рыхтаваць матэрыялы да кнігі «Ніколі не забудзем», у якой сабраны ўспаміны беларускіх дзяцей аб Вялікай Айчыннай вайне?

– Летам 1944 года, калі Мінск быў вызвалены ад нямецкіх акупантаў, Янка Маўр адзін з першых сярод беларускіх пісьменнікаў вярнуўся ў родныя мясціны. Тэма Вялікай Айчыннай вайны – галоўная у яго апавяданнях «Завошта?», «Дом пры дарозе», «Максімка», «Запіска». З гэтай тэмай звязаны і незавершаныя, рукапісныя творы «На краю света», «Дзяўчына-маці». Апошні, дзякуючы намаганням маёй маці Марыі Міцкевіч, у гэтым годзе ўпершыню выйдзе ў друку ў часопісе «Полымя» да юбілею Янкі Маўра.

Вайна пакінула балючы след у сэрцы майго прадзеда. Відаць, таму ён узяўся за цяжкую працу па падрыхтоўцы хвалюючай і драматычнай кнігі «Ніколі не забудзем». Успаміны беларускіх дзяцей, удзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, нельга чытаць без слёз і зараз. Кніга пачала рыхтавацца па ініцыятыве газеты «Піянер Беларусі» з дапамогай ЦК ЛКСМБ. На працягу 1946–1948 гадоў Янка Маўр разам з Пятром Рунцом займаўся зборам і рэдагаваннем матэрыялаў. Цікава, што прадмову да гэтай кнігі напісаў Якуб Колас.

Янка Маўр.1953 год

– Вядома, што Янка Маўр здолеў сабраць адну з самых вялікіх бібліятэк у Беларусі. Якія кнігі яму падабаліся?

– Янка Маўр надаваў вялікае значэнне кнізе як скарбніцы ведаў. Да вайны бібліятэка прадзеда лічылася адной з лепшых у Мінску. Мая бабуля расказвала, што адна сценка пакоя, дзе жыў Янка Маўр з сям’ёю, ад падлогі да столі была застаўлена паліцамі з кнігамі. Там былі энцыклапедыі Бракгаўза і Эфрона, першы выпуск Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, «Жыццё жывёл» Брэма, кнігі вядомых вандроўнікаў. Было многа кніг па гісторыі. Ніжнія паліцы поўніліся часопісамі «Вакол свету», «Мір прыгод» і іншымі, знітаванымі па гадах. Але больш усяго было мастацкай літаратуры: зборы твораў Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Талстога, Тургенева, а таксама Марка Твэна, Джэка Лондана, Жуля Верна, Вальтэра Скота, Уільяма Шэкспіра і шматлікіх іншых аўтараў. Янка Маўр вельмі перажываў страту гэтай бібліятэкі ў час вайны. Стараўся аднавіць яе. Выпісваў шмат перыядычных выданняў, любіў чытаць «Вожык», «Крокодил», «За рубежом».

Янка Маўр ў рабочым кабінеце

– Ваш прадзед добра валодаў міжнароднай мовай эсперанта. Калі ў яго з'явілася зацікаўленасць да яе? Ці дапамагаў эсперанта яму ў творчасці?

– Янка Маўр пазнаёміўся з міжнароднай мовай эсперанта яшчэ ў 1904 годзе, калі працаваў памочнікам настаўніка пад Панявежай. У студзені 1924 года ў Мінску было створана Цэнтральнае Бюро Беларускай арганізацыі Саюза эсперантыстаў Савецкіх Рэспублік (СЭСР). Пачалася актыўная работа па развіцці эсперанта-руху на Беларусі. Ужо на першай Усебеларускай канферэнцыі СЭСР у маі 1926 года ў БССР налічвалася 37 гурткоў эсперантыстаў у Мінску, Віцебску, Гомелі, Рэчыцы, Слуцку і іншых месцах. Беларускія эсперантысты актыўна прапагандавалі беларускую літаратуру сярод сваіх аднадумцаў за мяжой. На мову эсперанта былі перакладзены асобныя творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі. У 1926 годзе на Беларускім радыё пачалі выходзіць перадачы на эсперанта. Курсы гэтай міжнароднай мовы на радыё веў Янка Маўр. Ён прымаў удзел ў працы беларускіх канферэнцый СЭСР і Міжнароднага з’езда эсперантыстаў 1926 года ў Ленінградзе. Быў ганаровым старшыней арганізацыі беларускіх эсперантыстаў, веў актыўную перапіску з эсперантыстамі розных краін.

Мова эсперанта дапамагла Янку Маўру і ў літаратурнай дзейнасці. Дзякуючы ёй прадзед атрымаў матэрыялы для рамана «Амок». Ён пісаў: «У 1926 годзе было паўстанне на Яве. У парыжскай эсперанцкай газеце я прачытаў некаторыя цікавыя факты аб ім. Тады я напісаў эсперантысту на Яве пісьмо з просьбай выслаць дадатковыя матэрыялы і атрымаў каштоўныя пісьмы, часопісы са здымкамі. Пасля я напісаў яшчэ ў Галандыю і атрымаў матэрыялы адтуль. У выніку выйшла мая кніга «Амок». І не раз яшчэ атрымліваў я патрэбныя мне матэрыялы з Францыі, Германіі, нават з Чылі…»

Янка Маўр-эсперантыст. 1961 год

– Ці праўда, што Янка Маўр захапляўся спірытызмам?

– Мая бабуля, малодшая дачка Янкі Маўра Наталля Міцкевіч, успамінала: «Са школы мы памяталі аб незвычайных сеансах Сперанскага з рамана «Вайна і мір». У тыя часы зваротам да «духаў» займалася шмат людзей. Зразумела, Леў Талстой не мог прыдумаць неверагоднае, але ж савецкая школа і прапаганда цалкам адмаўляла магчымасць размовы з памерлымі. Заставалася шмат пытанняў адносна спірытызму. А тут, аказваецца, блізка чалавек, які займаўся гэтым сам і хлусіць не мог. Так, такога цікаўнага чалавека, як Янка Маўр, не магла не зацікавіць прырода, сутнасць спірытызму. Ён не верыў ні у бога, ні ў чорта, ні ў «духаў», але ж з праведзеных сеансаў атрымліваліся цікавыя, неспадзяваныя вынікі. Бацька расказваў, што па адказах адпаведнага «духа» можна было адчуць, нахабны ён ці баязлівы. Размаўлялі з «духамі» Напалеона, Васка да Гамы, Ясеніна, Талстога, Севяраніна і іншымі. У адным з сеансаў атрымалі ад «духа» Севяраніна, вельмі моднага ў той час паэта, верш. З ім Янка Маўр пайшоў да сваіх паплечнікаў папытацца, каму можа належыць гэты твор. І яны вызначылі – Севяраніну! Як жа могуць атрымлівацца такія цуды? Бацька вырашыў праэкзаменаваць «духаў», задаючы ім правакацыйныя пытанні, у першую чаргу звязаныя з датамі падзей, абставінамі. І «духі» пачалі блытацца, даваць няправільныя адказы. А ўсіх іх набралася на два тоўстыя агульныя сшыткі. У змрочным 1938 годзе, баючыся магчымага кампрамату, Янка Маўр іх спаліў. Бацька прыйшоў да высновы, што адказы «духаў» засноўваюцца на тых ведах, якімі валодаюць тыя, хто праводзіць сеансы. Але якім чынам адбываецца трансфармацыя і якія сілы прымушаюць круціць сподак? Магчыма, энергетыка медыума. Напэўна, Янка Маўр быў магутным медыумам...»

Янка Маўр. 1963 год

– Васіліна, ці падобны Вы на свайго прадзеда? Ці захаваліся якія-небудзь рэчы, якія належалі Янку Маўру, у вашай сям’і?

– Вельмі цікава, што ў нашай сям’і ў кожным пакаленні ёсць настаўнікі, пачынаючы ад Якуба Коласа і Янкі Маўра. Мая бабуля, дачка Янкі Маўра, выкладала тэорыю машын і механізмаў у Політэхнічным інстытуце, мой дзядзька Канстанцін Міцкевіч выкладае беларускую мову ў БНТУ, мая маці Марыя Міцкевіч выкладала вышэйшую матэматыку ў Мінскім інстытуце кіравання, а я – сацыялогію ў БДУ. Ну, а калі гаварыць пра знешнее падабенства, то і мая маці, і я, і мая дачка Юля кучаравыя, гэта ў нас ад Янкі Маўра.

Для нас самымі вялікімі каштоўнасцямі, якія захаваліся ад Янкі Маўра, з’яўляюцца яго кнігі. Некаторыя з іх – з аўтографамі. Так, маёй маці Янка Маўр падараваў кнігу «Чалавек ідзе», на якой пакінуў надпіс: «Гениальной внучке Машкеа от гениального дедаб Янки Мавра. Март 1961 г.». Чаму ад «дзедаб»? Бо першым дзедам – «дзедама» – быў Якуб Колас.

Мая маці захоўвае маркі з канвертаў ад эсперантыстаў свету, адрасаваных Янку Маўру.

А яшчэ яго драўляны пісьмовы прыбор.

Янка Маўр за рабочым сталом.

Гутарыла Ірына Барэйка

Фота з архіву Васіліны Міцкевіч





122
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх