Васіль Дранько Майсюк


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Васіль Дранько-Майсюк. Беларускі Майн Рыд. 20 нечаканых фактаў пра Янку Маўра
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Васіль Дранько-Майсюк. Беларускі Майн Рыд. 20 нечаканых фактаў пра Янку Маўра

Статья написана 17 июля 2018 г. 13:55


12. Пісаць авантурна-прыгодніцкія творы яго натхніў Цішка Гартны

«...Мяне паклікаў у выдавецтва Цішка Гартны і кажа, што беларусы ня маюць свайго Майн Рыда і што мне трэба напісаць прыгодніцкую кніжку. «Як жа яе напісаць?» — пытаюся. «А ты паглядзі ўважліва карту», — гаворыць Гартны. Прыйшоў я дамоў. Вось жа задача: глянь карту паўшарʼяў і вывудзі што-небудзь прыгодніцкае. Узяўся я за астравы, на якіх бываў Міклуха-Маклай. Пачаў капацца, варушыцца — і зьявілася аповесьць «У краіне райскай птушкі» (Аляксей Гардзіцкі. «Жартам і сурʼёзна». / «Маладосьць», 1970, № 11).

15. Пасьля вайны напісаў апавяданьне, у якім асуджаў запалоханую большасьць, што бяздумна выконвае злачынныя загады аднаго чалавека

Малюнак Валянціна Ціхановіча да апавяданьня Янкі Маўра «Яно»

​У часопісе «Беларусь» № 2 за 1946 год выходзіць яго апавяданьне «Яно». Там малыя дзеткі са страхам глядзяць на таямнічага і жудаснага вусеня, ня ведаюць, што зь ім рабіць. Раптам зьяўляецца мясцовы завадатар Лёнька, які загадвае ім «закапаць і забіць» бедную істоту. Дзеткі выконваюць загад безь пярэчаньняў: «Я адзін застаўся каля сьвежай магілы, намагаючыся знайсьці адказы на пытаньні, якія адразу хлынулі на мяне: чаму ўсе пяць самых разнастайных дзяцей у гэтай справе вялі сябе так аднолькава? Які быў бы фінал, каб не зьявіўся гэты рыжы Лёнька? /.../ Колькі такіх сцэнак адбываецца вакол нас, і мы іх ня бачым!»

***

Беларускі пісьменьнік Янка Маўр. Сярод піянэраў. 1964

Янка Маўр асуджаў запалоханую большасьць, якая бяздумна выконвае злачынныя загады аднаго чалавека.

10 траўня спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэньня Янкі Маўра. Ці ня самы папулярны беларускі пісьменьнік сярэдзіны XX стагодзьдзя засмучаўся, што афіцыйная крытыка замоўчвала яго знакамітасьць.

«Чаму „неприличным“ упамянуць, напрыклад, што „Амок“ (і „Пекла“) выйшаў ва Ўкраіне, друкаваўся ў Амэрыцы? Чаму сорамна адзначыць, што „Сын вады“ друкаваўся ў Чэхаславакіі, а „Сьлёзы Тубі“ ў Англіі? Ёсьць пераклады на польскую і літоўскую мовы. А што ганебнага, скажам, у тым, што беларускія чытачы ў розных канцах Саюза шлюць мне пераклады на расейскую мову /.../? А чым не цікава, што ў адным партызанскім атрадзе на Палесьсі адзінай і галоўнай кнігай былі „Палескія рабінзоны“? /.../ Адзін капітан у Маскве казаў, што ён вывучаў беларускую мову толькі для таго, каб мець магчымасьць прачытаць кнігі Маўра. Вось дзе беларусізацыя!» (зь ліста да Алеся Якімовіча, 13 сакавіка 1945 г. / Янка Маўр. «Выбраныя творы». 2016).

1. У дзяцінстве конь адкусіў яму палец

«...Кавалерыйскі конь адкусіў мне вялікі палец на правай руцэ. Адкусіў за тое, што я яго ад шчырага сэрца карміў травою» (Янка Маўр. «Шлях зь цемры». 1948).

2. Яго маці ганарылася, што выратавала яго ад дактароў

Юны Янка Маўр. Мастак М. Рыжыкаў. 1975

«Я захварэў на воспу, маці панесла мяне ў бальніцу. /.../ Пазьней яна перад усімі хвалілася, што, нягледзячы на лячэньне дактароў, яна ўсё ж такі выратавала мяне. Асноўнае лячэньне было — кампрэсы. І вось аднаго разу маці бачыла, як у суседняга дзіцяці зьнялі з твару кампрэс, а разам зь ім выкаціліся і вочы. Тады мая маці стала здымаць зь мяне кампрэс, як толькі доктар адыходзіў, і клала зноў перад яго прыходам. Так і выратавала мяне» (Янка Маўр. Збор твораў у 2-х тамах. 1960).

3. Адзін з самых яркіх успамінаў дзяцінства — як за ім гналася разьюшаная жаба

Ілюстрацыя да аповесьці Янкі Маўра «Сын вады». 1928

«...Паўзе жаба. Я, вядома, ня мог прайсьці міма, спыніўся, паглядзеў, а потым узяў ды затрымаў яе дубцом. Яна завярнулася ў другі бок — я і туды яе не пусьціў. Тады яна кінулася ў трэці бок — і там ходу няма! /.../ Нарэшце надышоў час, калі жаба прыйшла ў роспач: як крыкне сваім хрыпатым голасам ды як скокне, не зважаючы на дубец, проста на мяне! /.../ Ногі мяне несьлі, як крылы, а ззаду гналася разьюшаная жаба. /.../ Я ледзь пасьпеў ускочыць у сенцы... Цяпер я ўжо не шкадую аб гэтым здарэньні: ці многа знойдзецца на сьвеце людзей, якім пашанцавала бачыць разьюшаную жабу?» (Янка Маўр. «Шлях зь цемры». 1948).

4. Не разумеў настаўнікаў, якія злуюць на вучняў-двоечнікаў

З Васем Вясёлкіным. 1963

«Я наогул не разумею, чаму настаўнік злуе, калі вучань чаго не разумее ці ня хоча вучыцца. Не хочаш, дык і не трэба — самому горш будзе.

І наадварот: чаго настаўніку радавацца, калі вучань добра вучыцца? Радавацца павінен сам вучань ды яго бацькі, а не настаўнік».

(Янка Маўр. Збор твораў у 4-х тамах. Том 3. 1975)

5. Калі быў навучэнцам, то захапляўся зброяй і зьбіраў адпаведныя рэклямныя буклеты

Янка Маўр. 1899

«Колькі тут [у буклетах. — В. Дэ Эм.] было ўсялякіх стрэльбаў! Аднаствольныя і дубальтоўкі, з магазынамі і без магазынаў, з простым боем і з цэнтральным, для шроту і для куляў, тульскія і бэльгійскія, з дамаскай сталі і не дамаскай. Асабліва важнымі для мяне былі вінчэстэры і штуцэры. /.../ А яшчэ /.../ разнастайныя рэвальвэры: кольты, пузатыя бульдозікі з барабанамі. Затым ішлі халодныя нажы, кінжалы, корцікі» (Янка Маўр. «Шлях з цемры». 1948).

6. У юнацтве любіў сябраваць з вар’ятамі

Барыс Малкін. Ілюстрацыя да байкі Янкі Маўра «Пекла». 1929

«...Мне падабаліся варʼяты. Такія добрыя, разумныя людзі. Я ўвесь час круціўся пад іх вокнамі і зь некаторымі так падружыўся, што не хацелася адыходзіць. Больш за ўсё мне падабалася тое, што яны былі шчырымі сябрамі, не зазнаваліся, размаўлялі са мною як з роўным. /.../ Адзін мне расказаў, што цар Іван Грозны быў зусім не цар Іван, а Сіняя Барада. /.../ Другі навучыў мяне сьпяваць раманс „Выхожу один я на дорогу“. Раманс мне вельмі спадабаўся, і я доўгі час лічыў яго варʼяцкім...» (Янка Маўр. Збор твораў у 4-х тамах. Том 3. 1975).

7. Яго злавалі дзяўчаты, якія першымі лезьлі цалавацца

А. Тычына. Вокладка да кнігі Янкі Маўра «Чалавек ідзе». 1927

«На нейкі час я адзін застаўся ў пакоі, а „яна“ прабягала праз гэты пакой. І па дарозе падбегла да мяне, абняла, пацалавала і пабегла далей. Вось і ўсё. /.../ Як магло здарыцца такое? Яна ж мяне зусім ня знае, мы сёньня пазнаёміліся, і пагаварыць не толькі шчыра, але ніяк яшчэ не давялося. І раптам такая ласка! /.../ Не, тут нешта ня так, няправільна. Па-першае, я ня мог ёй спадабацца адразу, бо я брыдкі. А зблізіцца, каб падабацца адзін аднаму, мы яшчэ не пасьпелі. Значыцца, яна зрабіла гэта так сабе, бязь нейкай сымпатыі да мяне, можа, нават з агідай. А гэта ўжо справа нядобрая. Значыцца, яна пустая, дрэнная дзяўчына, а не такая, як мне здавалася здалёк. /.../ Болей зь ёй ніколі не сустракаўся» (Янка Маўр. Збор твораў у 2-х тамах. 1960).

8. Раздражняўся, калі на яго творы пісалі хвалебныя рэцэнзіі

Янка Маўр. 1926

«...Я ніяк не магу разабраць, што мне прыемней чытаць — пахвалу ці лаянку? /.../ «добрыя» артыкулы ўсе на адзін манер: «Кніга больш-менш цікавая, у ёй да некаторай ступені апісваюцца падзеі, мала вядомыя нам: там чытач знойдзе і рад досыць цікавых фактаў, але яны дыдактычна-павучальныя; усё-такі дзеці не безь цікавасьці прачытаюць яе і нават набудуць некаторыя веды; кнігу можна лічыць карыснай...» Аўтараў я ня надта вінавачу. Можа, нават хто і хацеў бы сказаць пэўна, без «але» пасьля кожнага слова, але... устаноўкі такой не было «Как бы чего не вышло» (зь ліста да Алеся Якімовіча, 13 сакавіка 1945 г. / Янка Маўр. «Выбраныя творы». 2016).

9. Адкрыта прызнаваў свае заганы

Янка Маўр. 1961

«Свае недахопы я ведаю: 1) Досыць шурпаты і сухаваты стыль; няма ў ім той пявучасьці, якая, скажам, у Лынькова. 2) Празьмерная скупасьць у апісаньнях; калі я раблю адзін ці два мазкі, то болей ужо не магу — мне здаецца, што будзе нудна. Мая проза чыста апавядальная, а не „мастацкая“ (апісальная). 3) Небагаты слоўнік. 4) Уплывы крыху залішняй „впечатлительности“, якая часам адводзіць убок» (зь ліста да Алеся Якімовіча, 13 сакавіка 1945 г. / Янка Маўр. «Выбраныя творы». 2016).

10. Яго славуты твор «ТВТ» асьцерагаліся друкаваць у РСФСР

Разварот кнігі «ТВТ». 1949

«„ТВТ“ напісана ў 1934 годзе і атрымала першую прэмію на Усебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі. Рукапісам зацікавіўся Горкі і папрасіў даслаць яму. Гэта было перад самым Першым зьездам пісьменьнікаў. Горкі мог толькі бегла паглядзець і аддаў Маршаку са словамі: „Паглядзіце, здаецца, нешта цікавае“. Маршак перадаў „Маладой гвардыі“, там яна і загінула. Назад рукапіс (магчыма, з паметкамі Горкага) я так і ня мог атрымаць. /.../ для рускага выданьня яна не падыходзіла як ідэйна заганная. Бо ні ў якіх інструкцыях не сказана, што такія „арганізацыі“, як ТВТ, могуць існаваць. Ды і сама ідэя нагадвае цімураўскую. А „ТВТ“ напісаная за 4 гады да Гайдара» (зь ліста да Анатоля Тонкеля, 5 сакавіка 1953 г. / Янка Маўр. «Выбраныя творы». 2016).

11. Каб сын пачаў вучыцца, ужываў рызыкоўныя пэдагагічныя прыёмы

Зь сямʼёй. 1933

«Старэйшы, Фёдар, быў вельмі здольным хлопцам. Але ў юнацкім узросьце многа часу праводзіў зь сябрамі, а вучобу зусім закінуў. І бацька прапанаваў два варыянты: альбо ён застаецца ў сямʼі і будзе добра вучыцца, альбо пойдзе жыць самастойна. Фёдару цяжка было разлучыцца зь сябрамі, і ён вырашыў сысьці. Бацька даў яму пляцак, дапамог скласьці нешматлікія рэчы і разьвітаўся зь ім. Фёдар выйшаў на вуліцу і спыніўся, не ведаючы куды ісьці. Ён задумаўся і ў рэшце рэшт вырашыў вярнуцца ў сямʼю. /.../ Даў слова, што будзе добра вучыцца» (Натальля Міцкевіч. «З успамінаў пра бацьку». / «Полымя», 2011, № 3).

12. Пісаць авантурна-прыгодніцкія творы яго натхніў Цішка Гартны

Янка Маўр. 1963

«...Мяне паклікаў у выдавецтва Цішка Гартны і кажа, што беларусы ня маюць свайго Майн Рыда і што мне трэба напісаць прыгодніцкую кніжку. «Як жа яе напісаць?» — пытаюся. «А ты паглядзі ўважліва карту», — гаворыць Гартны. Прыйшоў я дамоў. Вось жа задача: глянь карту паўшарʼяў і вывудзі што-небудзь прыгодніцкае. Узяўся я за астравы, на якіх бываў Міклуха Маклай. Пачаў капацца, варушыцца — і зьявілася аповесьць «У краіне райскай птушкі» (Аляксей Гардзіцкі. «Жартам і сурʼёзна». / «Маладосьць», 1970, № 11).

13. За часы сталінскіх рэпрэсій пісаў творы з элемэнтамі жахаў

Вокладка кнігі «Сьлёзы Тубі», мастак У. Шульц. 1935

У 1935 годзе выходзіць зборнік апавяданьняў «Сьлёзы Тубі», дзе яскрава была паказана лінія жорсткіх, брутальных нападаў дзікіх жывёл (мэтафара карнай машыны) на людзей (зазвычай безабаронных дзяцей): «Кінуўся Тубі ў адзін бок, кінуўся ў другі, паказаўся ўжо над вадой, але... Жудасны крык, хруснулі косьці, а разам і кошык... Тубі загінуў» (з апавяданьня «Сьлёзы Тубі»); «Хлопчык убачыў страшыдла, закрычаў і кінуўся бегчы, але вяроўка затрымала яго. /.../ кракадзіл /.../, убачыўшы, што тутака толькі бʼецца бездапаможнае дзіця, — зноў пасунуўся наперад. Няшчасны хлопчык ірваўся, дрыгаў нагой, крычаў /.../ А кракадзіл падпаўзаў /.../, ухапіў хлопчыка за нагу і пацягнуў у ваду... Тады толькі раздаліся два стрэлы... Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нерухомы... з нагою хлопчыка ў роце» («Незвычайная прынада»).

14. У 1937-м Янку Маўра выратаваў НКУСавец, фанат ягонай творчасьці

Вокладка кнігі «Шлях зь цемры», мастак А. Волкаў. 1949

«Калі пачаліся рэпрэсіі пісьменьнікаў, бацьку па начах спалася кепска. Ён, як і большасьць, чакаў арышту. Але яму пашанцавала. Яго выклікалі да сьледчага НКУС для высьвятленьня некаторых пытаньняў. А сьледчым аказаўся малады чалавек, які быў прыхільнікам бацькавага таленту, у юначыя гады зачытваўся кнігамі Янкі Маўра. Ён вельмі далікатна сустрэў бацьку, нешта высьветліў і адпусьціў дахаты, сказаўшы, што яму няма чаго баяцца. Магчыма, ён выратаваў Маўра ад арышту» (Натальля Міцкевіч. «З успамінаў пра бацьку». / «Полымя», 2011, № 3).

15. Пасьля вайны напісаў апавяданьне, у якім асуджаў запалоханую большасьць, што бяздумна выконвае злачынныя загады аднаго чалавека

Малюнак Валянціна Ціхановіча да апавяданьня Янкі Маўра «Яно»

У часопісе «Беларусь» № 2 за 1946 год выходзіць яго апавяданьне «Яно». Там малыя дзеткі са страхам глядзяць на таямнічага і жудаснага вусеня, ня ведаюць, што зь ім рабіць. Раптам зьяўляецца мясцовы завадатар Лёнька, які загадвае ім «закапаць і забіць» бедную істоту. Дзеткі выконваюць загад безь пярэчаньняў: «Я адзін застаўся каля сьвежай магілы, намагаючыся знайсьці адказы на пытаньні, якія адразу хлынулі на мяне: чаму ўсе пяць самых разнастайных дзяцей у гэтай справе вялі сябе так аднолькава? Які быў бы фінал, каб не зьявіўся гэты рыжы Лёнька? /.../ Колькі такіх сцэнак адбываецца вакол нас, і мы іх ня бачым!»

16. Будучы амаль сьляпым, выратаваў дзяўчынку, якая танула

Янка Маўр. 1956

«...У бацькі пагаршаўся зрок, дактары знайшлі катаракту, але ў той час рабілі апэрацыю толькі тады, калі катаракта высьпее. І па сутнасьці напаўсьляпому чалавеку даводзілася доўгі час чакаць гэтага „высьпяваньня“. Слых жа быў у яго неверагодна тонкі. Аднойчы, калі грэўся на пляжы Кактэбэля, пачуў крыкі — тапілася дзяўчынка, і ён кінуўся на дапамогу і выцягнуў дзяўчынку з вады. На некалькі дзён стаў героем Кактэбэля» (Натальля Міцкевіч. «З успамінаў пра бацьку». / «Полымя», 2011, № 3).

17. Любіў эксцэнтрычныя розыгрышы

Вокладка літоўскага выданьня «Палескіх рабінзонаў»

«Аднойчы пытаюся, калі можна зайсьці. У адказ пачуў амаль жаночы голас: «Заходзь, калі не баісься...». Чаго ж, — думаю, — мне баяцца? Іду ў добра знаёмы дом на рагу вуліц Маркса і Энгельса /.../ Званю. Доўга чакаю. Чуваць нейкае шыпеньне, і дзьверы павольна адчыняюцца, а зь цемры калідора вытыркаецца зьмяіная галоўка і доўга пакручастае цела /.../ Зьмяя гайдаецца і сыкае на мяне. У дзьвярах нікога няма, зьнікла і зьмяя. Крыху запозьнена я ўцяміў, што ў паветры зьмеі не лятаюць, і пераступіў парог. У вузкім калідоры тоненькім сьмехам заходзіўся Янка Маўр, трымаючы ў руцэ па-майстэрску зробленую з кавалачкаў дрэва, нанізаных на нітку, размаляваную «зьмяю» (Сяргей Грахоўскі. «Мудрэц з душою хлапчука». / «Так і было». 1986).

18. Яго раздражняла, калі малых чытачоў пісьменьнікі называлі «дзеткамі»

Янка Маўр за працоўным сталом. 1955

«Часам, аўтары, памятаючы, што яны пішуць для дзяцей, у тэксьце свайго твора для школьнікаў ужываюць зварот „дарагія дзеці“, а то і „дзеткі“. Такому аўтару мала шансаў на папулярнасьць сярод чытачоў. Савецкі школьнік адчувае сябе маладым грамадзянінам, а ня „дзеткай“...» (Янка Маўр. «Дзіцячы пісьменьнік і дзіцячы чытач». / «Літаратура і мастацтва», 1949, 11 чэрвеня).

19. Першы раз ажаніўся з гаспадыняй, у якой наймаў кватэру, бо яму вельмі спадабаліся яе дзеці

Зь сямʼёй. 1941

«Калі Янка Маўр уладкаваўся хатнім настаўнікам у адну сямʼю, яму сказалі, што ёсьць мясцовы праваслаўны сьвятар, у якога шмат дзяцей. І Маўра могуць узяць да яго на хатнюю гаспадарку. Так і адбылося. І мой дзед палюбіў дзяцей свайго гаспадара. Але тут сьвятар памёр. І Маўр застаўся жыць зь яго ўдавой і дзецьмі. Але тут пайшлі чуткі: маўляў, як гэта так, малады чалавек жыве з удавой. Гэта не вельмі нармальна. І было пастаўлена пытаньне: ці ён зьяжджае, ці трэба жаніцца. Янка Маўр ажаніўся з гэтай жанчынай. Але сам ён казаў, што ня зь ёй, а зь яе дзецьмі, бо ён да іх прывык» (Марыя Міцкевіч. «Мае дзядулі — Янка Маўр і Якуб Колас». «Беларуская ніва», 2013, 10-13 траўня).

Янку Маўру чытаюць рукапіс яго новай кнігі. 1958

20. Склаў сам на сябе эпіграму, спалучыўшы тры мовы

То не Эзоп, філёзаф грэцкі,

И не француз-бунтарь Вольтер,

То белорусский автор детский,

Которий поки ще не вмер.

(Аляксей Гардзіцкі. «Жартам і сурʼёзна». / «Маладосьць», 1970, № 11)

https://svaboda.org/a/29218757.html





241
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх