Падчас першай хвалі
рэпрэсій, у 1930 годзе,
выйшла кніга Янкі
Маўра «Слёзы Тубі». У
гэтым выданні не было
«жудасных» белапалякаў і
кулакоў, шпіёнаў, якіх ловяць
мужныя супрацоўнікі
АДПУ і «подлых нацдэмаў».
Словам, тут адсутнічалі
ўсе тыя персанажы,
якімі запаланілі ў той час
свае творы многія пакуль
яшчэ не зняволеныя беларускія
пісьменнікі.
Янка Маўр не заклікаў
«да пільнасці», «не падпісваў
суровы прыгавор
першым», не заяўляў, што
будзе разбірацца з нязгоднымі
«на судзе». Ён пераносіў
чытача за межы тагачаснай пякельнай Беларусі (а
тое, што наша краіна нагадвала апраметную, было згадана
Маўрам яшчэ ў 1929-м у байцы «Пекла») у не меней
пякельную экзатычную прастору Індыі, акіянічных
астравоў, Італіі…
Героі яго апавяданняў — дзеці. Яны ўсе, як адзін, бяздольныя,
бяспраўныя. Дарослыя з імі робяць што заўгодна,
чыняць любыя рэпрэсіі, здзекуюцца, пасылаюць
на пакуты.
У зборніку пяць апавяданняў. Некаторыя з іх паводле
сваёй жорсткасці блізкія класічным амерыканскім
фільмам жахаў сярэдзіны 1970-х, такім кінашэдэўрам,
як «Сківіцы» Стывена Спілберга (пра акулу-людажэра),
альбо «З’едзеныя жыўцом» Тоўба Хупера (дзе галоўным
героем выступае аграмадны кракадзіл). У Янкі Маўра
вобразам абсалютнага зла, своеасаблівай машынай для
забойстваў з’яўляецца жывёла.
Калі чытаеш апавяданне «Слёзы Тубі», узнікае адчуванне,
быццам перад намі кадры са згаданага фільма
Спілберга: «Зірнуў [Тубі] — кіруецца да яго ўжо сапраўд- нае страшыдла, рыбіна мэтраў чатыры даўжыні з
страшэнным ротам, пастаўленым неяк упоперак пад
галавой, з вялікімі мігаючымі вачыма. У расчыненым роце
відаць вялізарныя зубы. Гэта і быў той самы страшны
вораг акула, супроць якой і бралі людзі кінжалы. Кінуў- ся Тубі ў адзін бок, кінуўся ў другі, паказаўся ўжо над
вадой, але... Жудасны крык, хруснулі косьці... Тубі
загінуў. ...Не прайшло ёй дарма гэта злачынства,
загінула і яна. Пацягнулі яе да берагу, разрэзалі ёй
горла і бруха і там
знайшлі беднага
Тубі... Стаіць галосіць
матка, над
кавалкамі свайго
сына».
У апавяданні
«Незвычайная
прынада» садыстыдарослыя
прывязваюць
хлопчыка
да пальмы, каб выбавіць
кракадзіла.
Тое, як апісвае
гэта Янка Маўр,
можа ўпрыгожыць
любую класічную
х о р а р — с т у ж к у :
«Кракадзіл, відаць, ужо
заўважыў яго і асьцярожна
пачаў набліжацца
да берагу. ...Хлопчык
убачыў страшыдла, за- крычаў і кінуўся бегчы,
але вяроўка затрымала
яго, і ён паваліўся на
зямлю. ...Настаў самы жудасны момант. Няшчасны
хлопчык ірваўся, дрыгаў нагой і крычаў... А кракадзіл
падпаўзаў. ...Вось ужо дзьве стрэльбы добра нацэліліся...
Але раптам побач раздаўся нейкі рык. Паляўнічыя мімаволі
азірнуліся, а тымчасам кракадзіл ухапіў хлопчыка
за нагу і пацягнуў у ваду... Тады толькі раздаліся два
стрэлы, зноў два. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся
нярухомы... з нагою хлопчыка ў роце...»
Прывязаны хлопчык, які не можа ўцячы ад кракадзіла,
— яскравая метафара безабароннай, запалоханай
інтэлігенцыі 1930-х гадоў. Сучаснікі Маўра атаясамлі- валі сябе з бедным Тубі, іх дзяцей захапляў дынамічнабрутальны
сюжэт, а нястомныя работнікі АДПУ бачылі
ў гэтых апавяданнях (дзякуючы хітрасці Маўра) усяго
толькі драматычныя гісторыі пра жахлівых капіталі- стаў, якія прыгнятаюць народы трэцяга свету.
У заключным апавяданні «Звяры на караблі» тэме
жывёлін-забойцаў аўтар надае іншае, але не меней алегарычнае
гучанне. Магутны пасажырскі карабель, які
перавозіць на палубе і цэлы звярынец, трапляе ў шторм.
Хвалі разбіваюць клеткі, звяры апынаюцца на свабодзе
і пачынаюць паляванне на людзей: «...у расчыненыя дзьверы
ўскочыў ягуар... загінула адна жанчына... ...на матроса
аднекуль з шчыліны напала …зьмяя і абкруцілася
вакол усяго цела.
— Ратуйце! — закрычаў ён і пакаціўся на зямлю...».
Гэтым апавяданнем (як і знакавай аповесцю «Амок»
альбо ўжо згаданым «Пеклам») Янка Маўр прыхавана
выказваў вядомую думку: рана ці позна прадстаўнікі
любой антычалавечай сілы атрымаюць адпаведны супраціў.
І толькі пытанне часу, калі памяняюцца месцамі
тыя, хто займае пазіцыі моцных і слабых.
Гэтая кніга была адной з самых папулярных на Беларусі
падчас сталінскага тэрору. Яна вытрымала ў 1930-х
тры перавыданні.
Ёю зачытваліся ахвяры і каты.
І кожны адкрываў для сябе свайго Янку Маўра.